Антыфэйк / фактчэк

13 лютага

Палякі ненавідзелі габрэяў мацней за нацыстаў? Праверылі аргументы палітолага Лазуткіна

Самы буйны канцлагер нацысцкай Нямеччыны, які стаў сімвалам Галакосту, сапраўды знаходзіўся ў Польшчы.

Падчас Другой сусветнай вайны палякі габрэяў ненавідзелі нават больш, чым немцы, таму лагеры смерці будавалі ў Польшчы, распавёў палітолаг Андрэй Лазуткін у праграме «Азаронак. Наўпрост». Каманда Weekly Top Fake знайшла ў яго словах маніпуляцыю.

Прычыну будаўніцтва лагераў смерці на тэрыторыі Польшчы ў перыяд Другой сусветнай вайны палітолаг Андрэй Лазуткін абмеркаваў з Рыгорам Азаронкам 3 лютага 2025 года ў эфіры стрыму «Азаронак. Наўпрост». 

— Што такое Польшча была ў гады Другой сусветнай вайны? Краіна, дзе габрэяў, Рыгор, не любілі нават больш, напэўна, чым іх не любілі немцы. І ад гэтага, скажам так, залежала сістэма размяшчэння канцлагераў, якія ў Польшчы дзейнічалі. Таму што ўся сістэма знішчэння была менавіта ў Польшчы, не ў Беларусі, не ў нейкіх іншых месцах Еўропы, — сказаў палітолаг.

— Гета — гэта проста месца, дзе расстрэльвалі. А вось каб на прамысловым маштабе гэта рабіць — гэта так, гэта Асвенцім, — дадаў Азаронак.

— Таму што немцы разумелі: раптам габрэй уцячэ, Рыгор, што тады зрабіць трэба? Палякі самі яго зловяць і прывядуць назад, — растлумачыў Лазуткін.

Самы буйны канцлагер нацысцкай Нямеччыны, які стаў сімвалам Галакосту, сапраўды знаходзіўся ў Польшчы, у прадмесцях горадузнішчэння Асвенцім — Аўшвіц-Біркенаў (Auschwitz-Birkenau). Там загінула каля 1,3 млн чалавек, па большай частцы габрэі. Астатнія буйныя лагеры смерці таксама знаходзіліся ў Польшчы.

Адна з прычын, чаму лагеры смерці будавалі менавіта ў Польшчы, — колькасць габрэйскага насельніцтва ў гэтай краіне. Напярэдадні акупацыі Польшчы Нямеччынай там пражывала каля 3,3 млн габрэяў — гэта самая буйная габрэйская абшчына ў Еўропе. 

Другая прычына — наяўнасць на тэрыторыі краіны інфраструктуры для ўтрымання вялікай колькасці людзей. Некаторыя лагеры пабудавалі яшчэ да таго, як сістэматычнае масавае забойства габрэяў афіцыйна стала мэтай нацыстаў. Да прыкладу, асноўны лагер — Аўшвіц — пачалі будаваць у траўні 1940 года ў кінутых артылерыйскіх казармах польскай арміі. А першымі, хто трапіў у лагер, былі нямецкія крымінальнікі-рэцыдывісты і польскія палітычныя зняволеныя.

Праверыць словы Лазуткіна пра тое, што палякі ненавідзелі габрэяў больш за немцаў, не ўяўляецца магчымым. У гістарычнай даведцы на сайце мемарыяльнага комплексу гісторыі Галакосту «Яд Вашэм» гаворыцца: «У другой палове 1930-х гг. адбылося пагаршэнне ў адносінах уладаў да габрэяў. Антысемітызм панаваў у розных колах польскага грамадства. У красавіку 1934 года была створана арганізацыя пад назвай Нацыянальна-радыкальны лагер, якая патрабавала асіміляцыі славянскіх меншасцяў у Польшчы і выгнання габрэяў з краіны. Яе члены збівалі габрэяў, ажыццяўлялі тэрарыстычныя акты». У той жа час на 1 студзеня 2023 года ў спісе ўганараваных званнем «Праведнік народаў свету» было больш за ўсё палякаў — 7 тыс. з лішнім чалавек. Яго прысуджаюць людзям, якія ратавалі габрэяў ад нацыстаў.

На тэрыторыі Беларусі таксама знаходзіліся буйныя лагеры, дзе масава знішчалі габрэяў. У канцлагеры каля вёскі Малы Трасцянец загінула па розных ацэнках ад 60 да 200 тыс. чалавек, у тым ліку вялікая колькасць габрэяў з розных краін. Забівалі габрэяў і ў канцлагеры Калдычэва ў Баранавіцкім раёне. Звыш 22 тыс. чалавек расстралялі, павесілі, закатавалі або атруцілі газам. Ахвярамі сталі практычна ўсе прадстаўнікі гэтага народу ў рэгіёне.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым

Іншыя публікацыі