Расследуем карупцыю, выкрываем фэйкі, аналізуем навінавую павестку. БРЦ — чалец глабальнай сеткі журналістаў-расследавальнікаў.
Журналісты БРЦ – лаўрэаты нацыянальнай прэміі «Вольнае слова» Беларускай асацыяцыі журналістаў за расследаванні ў 2018, 2019, 2020, 2021 і 2022 гадах. На «Вольным слове» у 2021 годзе каманда БРЦ атрымала першае месца ў катэгорыі «Аналітыка».
БРЦ з'яўляецца чальцом OCCRP (Цэнтр па даследаванні карупцыі і арганізаванай злачыннасці)
Таксама мы чальцы GIJN (Глабальная сетка журналістаў расследавальнікаў)
Палічылі, наколькі дэпутат Савіных перабольшыў насельніцтва краін, лідары якіх павіншавалі Лукашэнку з перамогай на выбарах
Каманда Weekly Top Fake на 16 лютага 2025 года па паведамленнях у тэлеграм-канале «Пул першага» налічыла 39 краін.
Аляксандра Лукашэнку з перамогай на прэзідэнцкіх выбарах павіншавалі лідары краін, у якіх жыве 80% насельніцтва свету, заявіў дэпутат беларускага парламента Андрэй Савіных. Каманда Weekly Top Fake спраўдзіла яго падлікі.
Хто павіншаваў Аляксандра Лукашэнку з перамогай на прэзідэнцкіх выбарах у 2025 годзе, дыпламат і дэпутат беларускага парламенту Андрэй Савіных распавёў 9 лютага ў праграме «Тыдзень» на СТБ.
«Павіншавалі ўжо лідары краін, якія прадстаўляюць як мінімум каля 80% насельніцтва свету. Віншуюць, перш за ўсё, краіны, якія праводзяць незалежную замежную палітыку, якія выступаюць за ўмацаванне шматпалярнага свету і якія падзяляюць нашы базавыя каштоўнасці», — адзначыў Савіных. На экране паказалі спіс тых, хто павіншаваў.
Каманда Weekly Top Fake на 16 лютага 2025 года па паведамленнях у тэлеграм-канале «Пул першага» налічыла 39 краін, прадстаўнікі якіх павіншавалі Лукашэнку з новым прэзідэнцкім тэрмінам. У іх пражывае каля 3 млрд чалавек. Усяго на Зямлі — больш за 8 млрд. Атрымліваецца, 37% насельніцтва свету, а не 80%.
З лідараў еўрапейскіх краін Аляксандра Лукашэнку павіншавалі двое — прэзідэнт Сербіі Александар Вучыч і сербскі член у прэзідыуме Босніі і Герцагавіны Жэлька Цвіяновіч. На момант віншавання і публікацыі яна з'яўляецца старшынёй, гэтую пасаду сябры прэзідыуму займаюць па чарзе на 8 месяцаў.