Антыфэйк / фактчэк Сёння

«Ніхто гэтага не рабіў у сучаснай Расеі». Супрацоўнік RT прыпісаў Кадышавай рэкорд, якога не было

Канстанцін Прыдыбайла параўнаў поспех салісткі ансамбля «Золотое кольцо» і поп-гурта «Руки вверх».

Надзея Кадышава двойчы сабрала «Лужники» — такой інфармацыяй падзяліўся адмысловы карэспандэнт RT Кастусь Прыдыбайла, распавядаючы пра трэнд сярод расейскай моладзі на ўсё сваё. Каманда Weekly Top Fake высветліла, што супрацоўнік расейскага тэлеканалу паспяшаўся з ацэнкай.

Праўкраінскія хактывісты Silent Crow і беларускія «Кіберпартызаны» узламалі інфармацыйную сістэму «Аэрафлоту», з-за чаго 28 ліпеня 2025 года скасавалі ці затрымалі амаль палову рэйсаў расейскага авіяперавозніка. Гэту падзею і патрэбу Саюзнай дзяржавы адмовіцца ад замежных сацсетак і мэсэнджараў дзеля лічбавай незалежнасці абмеркавалі вядоўца СТБ Рыгор Азаронак і спецыяльны карэспандэнт RT (раней Russia Today) Канстанцін Прыдыбайла. Расеец расказаў пра трэнд сярод моладзі на сваё, маючы на ўвазе расейскае. У тым ліку і на народную музыку. 

«Калі я быў дзіцём, мне здавалася, Кадышава — бабка, яе бабкі слухаюць. Але ногі самі ў скокі ідуць. Кадышава сабрала двойчы “Лужники”. Ніхто гэтага не рабіў у сучаснай Расеі за апошнія гады. Ну, апроч, хіба што, групы “Руки вверх”», — адзначыў Прыдыбайла 28 ліпеня 2025 года ў эфіры перадачы «Азаронак. Наўпрост». 

Надзея Кадышава — салістка ансамбля народнай музыкі «Золотое кольцо». На сцэне — з канца 1980-х. І сапраўды, апошнім часам медыі паведамляюць пра рост папулярнасці народнай артысткі Расеі.

У першым квартале 2025 гады продажы квіткоў на «Яндэкс Афішы» на яе выступы выраслі больш чым у пяць разоў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года і амаль у 10 разоў, калі параўноўваць з 2023-м. У сацыяльных сетках публікуюць ролікі, у якіх падлеткі ладзяць карагоды на выступах ансамбля і хорам падпяваюць. 

У 2025 годзе спявачка адправілася ў стадыённы тур. У чэрвені ў Казані яна сабрала мясцовую «Татнефть Арену» — каля 8500 гледачоў. Гэта самы маштабны канцэрт спявачкі.

Аднак, расказваючы пра рэкордны выступ Надзеі Кадышавай на «Лужниках», Канстанцін Прыдыбайла сказаў няпраўду — артыстка яшчэ не выступала на маскоўскім стадыёне ёмістасцю каля 80 тыс. гледачоў. Такі канцэрт запланаваны на чэрвень 2026 года. Журналісты WTF праверылі: квіткі ў продажы ўсё яшчэ даступныя, вялікая частка пляцоўкі не запоўнена. У адрозненні ад, напрыклад, поп-гурта «Руки вверх», які таксама абвясціў пра канцэрт у «Лужниках» у ліпені 2026 года. Па схеме пляцоўкі на «Яндэкс Афішы» бачна, што шмат якія месцы ўжо раскупілі. «Руки вверх» ужо правялі падрад тры такія канцэрты пры запоўненых трыбунах. Акрамя гэтага поп-гурта паспяхова выступіў на «Лужниках» таксама рэпер «Баста». У 2025-м ён выступіў на стадыёне з двума сольнымі канцэртамі, для 144 тысяч гледачоў у суме.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць