Антыфэйк / фактчэк 18 траўня

9 траўня па-за законам? Як беларускія дзяржмедыі адмянілі Дзень Перамогі ў Еўропе

На «Радыё-Менск» і СТБ расказалі пра «каток рэпрэсій» супраць дат, звязаных з перамогай над нацызмам.

Галоўны рэдактар «Менскага кур’ера» Кірыл Казакоў у эфіры «Радыё-Менск» заявіў, што ва Украіне, Польшчы, Літве, Латвіі і Эстоніі няма 9 траўня, а замест яго там нібыта адзначаюць 8 траўня — Дзень Еўропы. На СТБ развілі гэтую тэзу да таго, што ў Эстоніі забароненыя нават памятныя мерапрыемствы і ўскладанне кветак. Каманда Weekly Top Fake праверыла гэтыя сцвярджэнні.

Кантэкст: Чацвёрты год запар Аляксандр Лукашэнка сустрэў Дзень Перамогі на парадзе ў Маскве. Праз гэта ўрачыстыя мерапрыемствы ў Беларусі правялі ўвечары, ужо пасля маскоўскіх. Да 2023 года Лукашэнка ездзіў у Маскву на 9 траўня даволі рэдка і аддаваў перавагу святкаванню гэтага дня ў Беларусі, хоць у 2025 годзе і расказаў, што адзначаць яго ў РФ — традыцыя (гэты фэйк мы ўжо развянчалі). Акрамя яго, на Чырвонай плошчы побач з Уладзімірам Пуціным сёлета прысутнічалі кіраўнікі Казахстану, Узбекістана, Лаосу і Малайзіі. Расея і Украіна пры пасярэдніцтве ЗША на гэтыя дні заключылі часовае перамір’е.

«Радыё-Менск»: 9 траўня — няма

Галоўны рэдактар «Менскага кур’ера» Кірыл Казакоў, вядомы прапановай судзіць маці, якая распавяла, што ўрок пра спальванне людзей у Хатыні моцна напалохаў яе 6-гадовае дзіця, і заклікам расстраляць цяпер ужо нябожчыка, папулярнага блогера Мікіту Мелказёрава, выступіў з новай прапановай. У эфіры «Радыё-Менск» 5 траўня 2026 года ён заклікаў судзіць грамадзян за «адмаўленне 9 траўня». Абгрунтоўваючы сваю пазіцыю, ён заявіў:

«Я разумею, што, страціўшы 9 траўня, мы, уласна кажучы, страцім нейкую аснову дзяржавы. Заўваж, 9 траўня няма ні ва Украіне, ні ў Польшчы, ні ў Літве, ні ў Латвіі, ні ў Эстоніі. Там ёсць 8 траўня — Дзень Еўропы».

У гэтым сцвярджэнні — адразу некалькі памылак. Дзень Еўропы ў Еўразвязе адзначаюць не 8, а 9 траўня. Пры гэтым ва Украіне і краінах Балтыі ёсць уласныя памятныя даты, звязаныя з заканчэннем Другой сусветнай вайны і перамогай над нацызмам. 8 траўня там адзначаюць Дзень памяці ахвяр Другой сусветнай вайны. У Эстоніі гэты дзень называецца інакш — Дзень заканчэння Другой сусветнай вайны. Дзень памяці ахвяр камунізму і нацызму ў Эстоніі прыпадае на жнівень.

Адрозненне паміж еўрапейскім 8 траўня і савецкім 9 траўня сапраўды ёсць. У еўрапейскай традыцыі гэта хутчэй дзень смутку і памяці пра загінулых, а не нагода для ўрачыстасцей з ваеннымі парадамі. Гэты дзень таксама адзначаюць на дзяржаўным узроўні, у тым ліку з ускладаннем кветак да магіл загінулых у Другой сусветнай вайне.

Розніца ў датах таксама не азначае гістарычнай супярэчнасці. Акт капітуляцыі Нямеччыны падпісалі ў ноч з 8 на 9 траўня, ён набыў моц 8 траўня а 23:01 паводле сярэднееўрапейскага часу, што адпавядала 9 траўня 01:01 паводле маскоўскага часу. Таму памятныя даты 8 і 9 траўня звязаныя з адной гістарычнай падзеяй, але адлюстроўваюць розныя традыцыі яе асэнсавання.

СТБ: памятныя мерапрыемствы па-за законам

На тэлеканале СТБ выкарысталі гэтую тэму для яшчэ аднаго сцвярджэння: нібыта ў Эстоніі забароненыя любыя ўрачыстасці і памятныя мерапрыемствы, звязаныя з Днём Перамогі, у тым ліку ўскладанне кветак да магілы воіна-вызваліцеля.

— Любыя ўрачыстасці або памятныя мерапрыемствы ў дні, калі 81 год таму Еўропа была вызваленая ад фашызму, у сучаснай Эстоніі забароненыя, — сказала вядоўца праграмы «Навіны 24 гадзіны» Юлія Аляксюк у сюжэце пад назвай «Вайна з гісторыяй» 5 траўня 2026 года.

— Пад каток рэпрэсій трапіць усё, што хоць неяк нагадвае пра гэтае свята, як і тыя, хто не хоча забываць, якой цаной дасталася Перамога. Таму ў краіне 8, 9 і 10 траўня будуць па-за законам усе масавыя шэсці, дэманстрацыі, мітынгі і сходы. Катэгарычна не дазваляецца выкарыстоўваць савецкую сімволіку і нават ускладаць кветкі. Паліцыя будзе за гэтым уважліва сачыць, — працягнуў сувядоўца Ігар Пазняк.

Гэта не адпавядае фактам. Жыхары Эстоніі могуць ускладаць кветкі 9 траўня, ніхто ім гэтага не забараняў. Напрыклад, у 2026 годзе людзі прыходзілі да помніка савецкім воінам, якія загінулі ў Другой сусветнай вайне, у Талліне. Кветкі таксама ўскладалі ў Нарве. Мясцовыя жыхары масава прыносілі кветкі да помнікаў і ў папярэднія гады.

Абмежаванні ў Эстоніі датычаць не памяці пра загінулых або ўскладання кветак. Забаронена выкарыстоўваць свята для прапаганды вайны: напрыклад, ужываць сімвалы Z і V, георгіеўскую стужку, сцягі Расеі і Савецкага Саюзу, сцягі так званых народных рэспублік, а таксама вайсковую форму і рыштунак. Гэтыя абмежаванні дзейнічаюць з пачатку вайны ва Украіне, і новых забаронаў сёлета не ўводзілі.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Цэркваў больш, а прыхаджанаў... У чым не мае рацыі Азаронак, называючы УПЦ МП «самай вялікай рэлігіяй» ва Украіне
Антыфэйк / фактчэк Цэркваў больш, а прыхаджанаў... У чым не мае рацыі Азаронак, называючы УПЦ МП «самай вялікай рэлігіяй» ва Украіне
Вядоўца СТБ патлумачыў, чаму, на ягоную думку, украінскім уладам варта перастаць «мачыць, знішчаць, гнабіць» царкву Маскоўскага патрыярхату.
17 жніўня 2026 Чытаць
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць