Расследуем карупцыю, выкрываем фэйкі, аналізуем навінавую павестку. БРЦ — чалец глабальнай сеткі журналістаў-расследавальнікаў.
Журналісты БРЦ – лаўрэаты нацыянальнай прэміі «Вольнае слова» Беларускай асацыяцыі журналістаў за расследаванні ў 2018, 2019, 2020, 2021 і 2022 гадах. На «Вольным слове» у 2021 годзе каманда БРЦ атрымала першае месца ў катэгорыі «Аналітыка».
БРЦ з'яўляецца чальцом OCCRP (Цэнтр па даследаванні карупцыі і арганізаванай злачыннасці)
Таксама мы чальцы GIJN (Глабальная сетка журналістаў расследавальнікаў)
Як Гітлер наказаў? Выкрылі фэйк ад палітолага Бяляева пра ўкраінскую адукацыйную рэформу
Ён заявіў, што ва Украіне школьнікі больш не будуць вывучаць фізіку і матэматыку.
Палітолаг Аляксей Бяляеў вывучыў праграму змены навучання ва ўкраінскіх школах і заявіў, што моладзі абмежавалі доступ да якаснай адукацыі — «фізіка не трэба, матэматыка не трэба». Каманда Weekly Top Fake высветліла, у чым госць ютуб-каналу беларускага «Радыё-Менск» не разабраўся ці адмыслова змаўчаў.
Гаворка пра ўкраінскую сістэму адукацыі зайшла ў эфіры праграмы «Вечаровы палітычны канал» 30 ліпеня 2025 года. Дэкан факультэту журналістыкі БДУ, палітолаг Аляксей Бяляеў завіў, што ва Украіне абалванілі моладзь, і растлумачыў, чаму так адбылося:
«Калі б вы, Вадзім Аляксеевіч (Вадзім Ялфімаў — вядоўца “Вечаровага палітычнага канала” – рэд.), пачыталі сучасныя ўкраінскія падручнікі і праграмы па змене агулам школьнай адукацыі: фізіка не трэба, матэматыка не трэба. Вось. Нейкія мары Гітлера. Я помню, калі ён наказваў там у сябе сваім таварышам, што для славянаў, лічу, не патрэбнай добрую адукацыю, хопіць чатырох класаў, каб яны ўмелі чытаць, пісаць, распісацца, паставіць подпіс. Вось. Ну, і больш ім песень, музыкі і скокаў — вось і, агулам, досыць».
Журналісты праекту WTF высветлілі, што ва Украіне сапраўды плануюць зрабіць фізіку неабавязковым прадметам, але толькі з 10-га класа. То бок з 7-га па 9-ы яе будуць вывучаць усе школьнікі. Гэта адзін з пунктаў адукацыйнай рэформы, якая пачнецца ва Украіне ў 2027 годзе. Апроч таго, школы пяройдуць на 12-гадовае навучанне.
Адукацыйная рэформа дазволіць украінскім вучням частку прадметаў абіраць паводле свайго меркавання: з 10-га па 12-ы класы адукацыя ва Украіне стане профільнай. Абавязковымі для ўсіх вучняў застануцца сем прадметаў: украінская і ангельская мовы, гісторыя і літаратура, фізкультура, абарона Украіны і матэматыка, якую Бяляеў выключыў. Іншыя дысцыпліны старшакласнікі будуць вывучаць у залежнасці ад профілю.