Камуністы ЗША 28 ліпеня прайшлі па вуліцах Філадэльфіі з чырвонымі сцягамі з сярпом і молатам. Ілан Маск пракаментаваў відэа з шэсцем клічнікам. Рэакцыя медыяў аказалася неадназначнай: не ясна, што выклікала большую цікавасць — само шэсце або рэакцыя Маска.
Абмяркоўваючы гэтую падзею 1 жніўня 2024 года ў праграме «Азаронак. Наўпрост», Пётр Пятроўскі і Рыгор Азаронак параўналі часы сталінскіх рэпрэсій і перыяд макартызму ў ЗША (перыяд з канца 1940-х гадоў да канца 1950-х). Тады праз падазрэнні ў сімпатыях да камуністаў многія амерыканцы траплялі ў чорныя спісы, іх пазбаўлялі працы, судзілі, абмяжоўвалі правы.
«У ЗША параходаў не было, проста былі расстрэлы, канцэнтрацыйныя лагеры, якія, на жаль, мала хто ведае. І калі асобы, якія сядзяць на грантах ЗША, мне пачынаюць распавядаць пра сталінскія рэпрэсіі, я гэтым гаспадарам, гэтым панам кажу: дарагія мае, паглядзіце на вашых спонсараў, вашы спонсары нішчылі не менш, а больш нават людзей», — заявіў Пятроўскі.
Падчас палявання на ведзьмаў у ЗША расстралялі двух чалавек — мужа і жонку Розэнберг. Іх абвінавацілі ў шпіянажы на карысць Савецкага Саюза і перадачы яму ядзерных сакрэтаў.
Пра колькасць рэпрэсаваных у сталінскія часы гісторыкі спрачаюцца. Але для таго, каб абвергнуць словы Пятроўскага, дастаткова працытаваць адзін дакумент — ліст Хрушчову 1954 года ад генпракурора, міністраў юстыцыі і МУС СССР. У ім яны паведамляюць, што за апошнія 33 гады рэпрэсавалі амаль чатыры мільёны чалавек, з якіх 640 тысяч прысудзілі да вышэйшай меры пакарання.