Антыфэйк / фактчэк Учора

«Уваходзіць у 300 лепшых вну свету». Дэкан журфаку БДУ перабольшыў прэстыж свайго месца працы

Аляксей Бяляеў прывёў састарэлыя дадзеныя.

У эфіры «Радыё Менск» дэкан факультэту журналістыкі БДУ Аляксей Бяляеў заявіў, што літоўская вышэйшая адукацыя адстае ад беларускай, таму што Віленскі ўніверсітэт саступае БДУ па колькасці студэнтаў і пазіцыях у міжнародных рэйтынгах вну. Каманда Weekly Top Fake праверыла яго цверджанні і высветліла, што абодва памылковыя.

Літва «паддалася спакусе лібералізму заходняга» і ў выніку губляе моладзь, заявіў дэкан факультэту журналістыкі БДУ Аляксей Бяляеў. Таксама ён параўнаў вядучыя беларускую і літоўскую вну — не на карысць апошняй.

«Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, безумоўна, большы паводле колькасці навучэнцаў. Самае галоўнае, што БДУ ўваходзіць у 300 лепшых вну свету, па рэйтынгах, а Віленскі — не», – сказаў Бяляеў у эфіры «Радыё Менск» 11 ліпеня 2025 года, абмяркоўваючы вышэйшую адукацыю з галоўным рэдактарам газеты «Менскі курʼер» Кірылам Казаковым.

Журналісты Weekly Top Fake параўналі колькасць студэнтаў у БДУ і Віленскім універсітэце: яна практычна аднолькавая — крыху больш за 24 тыс. чалавек.

Таксама мы высветлілі, што ні ў адным з чатырох асноўных сусветных рэйтынгаў якасці ўніверсітэцкай адукацыі БДУ не ўваходзіць у топ-300 і не апераджае Віленскі ўніверсітэт.

Самы вядомы і ўплывовы — гэта QS World University Rankings. У ім 1500 вну па ўсім свеце ацэньваюць па 10 крытэрах. Вільня займае 446 радок, а Менск — 447.

US News & World Report Best Global Universities Rankings ацэньвае 2250 універсітэтаў. Вільня ў ім размясцілася на 959 месцы, Менск — на 1249-м.

У рэйтынгу THE World University Rankings Віленскі ўніверсітэт апынуўся сярод 1200 лепшых, тады як БДУ ў 2025 годзе не атрымалася ўвайсці нават у 1500 наймацнейшых.

У рэйтынг Шанхайскага ўніверсітэту БДУ не трапіў, як і іншыя беларускія вну, а Віленскі ўвайшоў у топ-600.

Дадаткова каманда WTF праверыла іх пазіцыі ў Маскоўскім міжнародным рэйтынгу вну. І там Віленскі ўніверсітэт вышэй — на 294 месцы. БДУ апынуўся ў групе 301–350.

Напэўна, расказваючы пра высокія пазіцыі БДУ, дэкан журфаку Бяляеў скарыстаў састарэлыя дадзеныя: у 2021 і 2022 гадах беларуская вну сапраўды ўваходзіла ў топ-300 рэйтынгу QS World University Rankings і апераджала літоўскую.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць