Антыфэйк / фактчэк

19 верасня

Яраслаў Раманчук: Беларусь — у дзясятцы краін свету з самай высокай інфляцыяй. Праверылі, як моцна памыліўся эканаміст

Нацбанк Беларусі прагназаваў, што ўзровень інфляцыі ў 2024 годзе не выйдзе за межы 6%.

Яраслаў Раманчук: Беларусь — у дзясятцы краін свету з самай высокай інфляцыяй. Праверылі, як моцна памыліўся эканаміст.

Рэгуляванне коштаў, якое праводзіцца ў Беларусі, няякаснае, заявіў эканаміст Яраслаў Раманчук. Бо нашая краіна — у сусветнай дзясятцы лідараў па ўзроўні інфляцыі. Каманда Weekly Top Fake высветліла, ці так гэта.

Да канца 2024 года ў Беларусі пачнуць па-новаму рэгуляваць кошты, распавёў міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Аляксей Багданаў у пачатку верасня падчас міжнароднага форуму «Трэйд Дыялог». Каментуючы гэтую навіну ў эфіры перадачы «Звычайная раніца» 11 верасня 2024 года, эканаміст Яраслаў Раманчук распавёў пра высокую інфляцыю і топавую пазіцыю нашай краіны ў рэйтынгу па яе ўзроўні. 

«Беларусь уваходзіць у дзясятку самых няўдалых краінаў свету па інфляцыі. Свету, сябры! Вось, што вы павінны ведаць пра якасць цэнавага рэгулявання ў Беларусі», — заявіў эканаміст.

У жніўні 2024-га гадавая інфляцыя ў Беларусі склала 6,1%. Каманда WTF знайшла мінімум 10 краінаў, дзе індэкс спажывецкіх коштаў быў вышэйшы. У Аргентыне інфляцыя ў жніўні дасягнула 236,7%, у Турцыі — 51,97%, у Егіпце — 25,6%. Перагналі Беларусь таксама Эфіопія (17,2%), Замбія (15,5%), Узбекістан (10,5%), Бангладэш (10,49%), Расея (9,05%), Казахстан (8,4%) і Манголія (6,5%). Гэта значыць, што, паводле звестак за жнівень, у топ-10 лідараў па інфляцыі Беларусь не ўвайшла.

На сайце Міжнароднага валютнага фонду апублікаваныя дадзеныя па чаканай гадавой змене спажывецкіх цэн у розных краінах свету. Для Беларусі на канец 2024 года прагназуюць інфляцыю на ўзроўні 6,3%. І з гэтым паказнікам яна размясцілася ў пятым дзясятку краін. 

Нацбанк Беларусі прагназаваў, што ўзровень інфляцыі ў 2024 годзе не выйдзе за межы 6%.

Яраслаў Раманчук не ўпершыню заяўляе, што нашая краіна — сярод сусветных лідараў па росце індэксу спажывецкіх цэн. У сакавіку 2024 года ён раскрытыкаваў меры па яго рэгуляванні, прынятыя беларускімі чыноўнікамі, і сказаў, што калі б яны працавалі, то «Беларусь бы не была дзясятай краінай у свеце па ўзроўні інфляцыі». Падрабязна чытайце тут.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым

Іншыя публікацыі