Расследуем карупцыю, выкрываем фэйкі, аналізуем навінавую павестку. БРЦ — чалец глабальнай сеткі журналістаў-расследавальнікаў.
Журналісты БРЦ – лаўрэаты нацыянальнай прэміі «Вольнае слова» Беларускай асацыяцыі журналістаў за расследаванні ў 2018, 2019, 2020, 2021 і 2022 гадах. На «Вольным слове» у 2021 годзе каманда БРЦ атрымала першае месца ў катэгорыі «Аналітыка».
БРЦ з'яўляецца чальцом OCCRP (Цэнтр па даследаванні карупцыі і арганізаванай злачыннасці)
Таксама мы чальцы GIJN (Глабальная сетка журналістаў расследавальнікаў)
«Турызм за дапамогай»: «РТР-Беларусь» няправільна палічыў украінскіх дармаедаў у ЕЗ
Вывучылі статыстыку і высветлілі, наколькі памылілася карэспандэнтка тэлеканалу.
Вялікая частка ўкраінскіх уцекачоў, якія пераехалі ў краіны Еўразвязу, не хоча працаваць, заявілі ў відэасюжэце на канале «РТР-Беларусь». Мы вывучылі статыстыку і ўбачылі іншыя дадзеныя.
У ток-шоу «Думкі» на «РТР-Беларусь» украінцаў, якія беглі ў ЕЗ ад развязанай Расеяй вайны, назвалі дармаедамі. Выпуск з сюжэтам пра тое, як Польшча сярод іншых пачала з імі змаганне, каб «спыніць турызм за дапамогай», паказалі 12 кастрычніка 2025 года.
«Статыстыка няўмольная: 80% украінскіх уцекачоў у Нямеччыне працаваць не жадаюць. У Нідэрландах і Польшчы лічбы не нашмат лепш — больш за 70% гасцей аддаюць перавагу заставацца на ўтрыманні», — агучыў статыстыку закадравы голас (імёны аўтараў сюжэту не назвалі, вядоўца Ігар Пазняк прадставіў ролік як «рэпартаж нашых карэспандэнтаў»).
У Нямеччыне згаданы ў ток-шоу паказнік блізкі да рэальнага. Па дадзеных за жнівень, трохі больш за дзве траціны працаздольных грамадзянаў Украіны, якія папрасілі там прытулак, не мелі афіцыйнай працы. Аднак у іншых краінах сітуацыя адрозніваецца.
У Нідэрландах 6 з 10 уцекачоў працуюць — гэта дадзеныя мясцовага бюро статыстыкі. У Польшчы 7 з 10 працаздольных уцекачоў працуюць: каля 700 тыс. украінскіх працаўнікоў налічыла летась Галоўнае кіраванне статыстыкі краіны. У Чэхіі з 393 тыс. украінцаў са статусам часовай абароны працуюць каля паловы.