Аўтар брытанскага выданне The Guardian у артыкуле пра адносіны Расеі і Беларусі ў сферы энергетыкі распавёў, што Аляксандр Лукашэнка спадзяваўся на субсідыі Масквы, каб падтрымліваць на плаву айчынную эканоміку. Абмяркоўваючы гэты матэрыял 10 кастрычніка 2025 года ў эфіры Міжнароднага радыё «Беларусь» з вядоўцай Марыяй Крушэўскай, палітолаг Пётр Пятроўскі не пагадзіўся з гэтай тэзай:
«Далей чытаю: “...спадзяваўся на шчодрыя расейскія субсідыі”. Ведаеш, Guardian, ужо расказвае штампы расейскіх алігархаў. <...> Ніводнага расейскага рубля не атрымалі датацыяў».
Мабыць, Пётр Пятроўскі не лічыць субсідыямі хаўрусніцкія расцэнкі на энерганосьбіты для краін-чальцоў ЕАЭС. У адрозненні ад прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна, які назваў асаблівыя цэны на нафту для Беларусі менавіта субсідыямі.
«У нас ёсць пэўныя дамоўленасці, якія палягаюць на тым, што мы будзем імкнуцца да таго, каб (я буду цяпер казаць прамым тэкстам) аб'ем субсідавання беларускай эканомікі ў гэтым сектары — у нафтавым сектары — складаў суму не менш за тую, якую Беларусь атрымлівала ў 2007-2009 гадах да ўвядзення вывазных мытаў на нафту. Гэта сума складае 4 млрд 124 млн долараў ЗША», — заявіў Пуцін у 2011 годзе, калі займаў пост прэм'ер-міністра, на прэсавай канферэнцыі пасля перамоў з беларускім калегам Міхаілам Мясніковічам.
У 2018-м амбасадар Расеі ў Беларусі Міхаіл Бабіч распавёў пра штогадовую кансалідаваную падтрымку ў $4 млрд, якую атрымлівае Беларусь. Сказаў ён гэта ў кантэксце паглыблення інтэграцыі дзвюх краін.
У Беларусі афіцыйныя асобы называюць асаблівыя ўмовы, на якіх краіна купляе энерганосьбіты, не субсідыямі, а падтрымкай, аднак прызнаюць, што эканоміка Беларусі сапраўды залежыць ад яе. Былы прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка напачатку 2022 года ўбачыў пагрозу Беларусі ў новых санкцыях і звярнуўся да свайго расейскага калегі:
«У гэтых умовах, на наш пагляд, трэба дзейнічаць хутка і ўзгоднена. З улікам высокай уразлівасці беларускай эканомікі да вонкавых шокаў разлічваем на падтрымку Расейскай Федэрацыі ў гэты няпросты перыяд».
Сярод захадаў, якія ён агучыў, былі ў тым ліку спецыяльныя цэны на нафту і газ.
Аб тым, што напісаў журналіст The Guardian пра падтрыманне на плаву эканомікі Беларусі дзякуючы нізкім цэнам на нафту і газ, толькі іншымі словамі распавёў і былы дарадца-пасланец амбасады Беларусі ў Расеі, дэпутат Аляксандр Шпакоўскі:
«Беларуская эканоміка канкурэнтаздольная дзякуючы даступным коштам на расейскі энергарэсурс, таксама рынак Расеі з'яўляецца для нас ключавым».
На атрыманне субсідыяў ад Расеі паказвае і беларускі дзяржбюджэт: у ім у раздзеле «Прыбыткі» прапісаны «Бязвыплатныя паступленні ад замежных дзяржаў». У 2020 годзе — каля $200 млн, у 2024-м — больш за мільярд.