Антыфэйк / фактчэк 12 верасня 2025

Гісторык супраць гісторыі. У эфіры беларускага радыё Расейскай імперыі прыпісалі не яе тэрыторыі

Доктар гістарычных навук Даніловіч няслушна абгрунтаваў пашырэнне СССР пасля Другой сусветнай вайны.

СССР, у адрозненні ад ЗША, пасля сканчэння Другой сусветнай вайны далучыў не чужыя тэрыторыі, а вярнуў тыя, якія належалі Расейскай імперыі, расказаў доктар гістарычных навук Вячаслаў Даніловіч. Знайшлі прабелы ў ведах гісторыка. 

Пасля саміту ШАС, які прайшоў з 31 жніўня па 1 верасня 2025 года, у Пекіне правялі вайсковы парад, прысвечаны юбілею сканчэння Другой сусветнай вайны. Мерапрыемства і падзеі 80-гадовай даўніны 4 верасня 2025 года абмеркавалі ў эфіры Першага нацыянальнага каналу Беларускага радыё. Доктар гістарычных навук Вячаслаў Даніловіч заявіў, што СССР пасля Другой сусветнай не далучаў чужых земляў:

«Савецкі Саюз не забраў ніякіх тэрыторый, якія калісьці б не ўваходзілі ў склад той жа самай Расейскай імперыі, не. Былі вернутыя, фактычна, тэрыторыі. Ну а, ізноў жа, тыя ж самыя Злучаныя Штаты — паглядзіце на вынікі гэтай Другой сусветнай вайны для іх. Яны, фактычна, акупавалі Японію». 

Гэта версія гісторыка не адпавядае рэчаіснасці. Тэрыторыя Калінінградскай вобласці ніколі не ўваходзіла ў склад Расейскай імперыі. Гэта частка нямецкай правінцыі Усходняя Прусія. Яна ўвайшла ў склад СССР па выніках Патсдамскай канферэнцыі 1945 года. 

Закарпацкая Украіна ці Падкарпацкая Русь была часткай Вугоршчыны. Пасля развалу Аўстра-Вугорскай імперыі гэтыя тэрыторыі пабывалі пад кантролем Чэхаславакіі, а па выніках вайны ўвайшлі ў склад СССР. Букавінская вобласць — таксама не адносілася да ўладанняў Расейскай імперыі. Гэта частка Аўстра-Вугоршчыны, якая пасля яе распаду адышла Румыніі. У 1940 годзе СССР выставіў ультыматум Румыніі і запатрабаваў гэтыя тэрыторыі сабе. Так яны сталі Чарнавіцкай вобласцю ў складзе Украінскай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі.

Усходняя Галічына — гэта заходняя частка сучаснай Украіны: Львоўская, Івана-Франкоўская і частка Тарнопальскай абласцей. Яна ўваходзіла ў склад Польшчы і Аўстрыйскай імперыі. Падчас Першай сусветнай вайны яе часова акупавалі расейскія войскі, але потым страцілі. У 1939 годзе, па выніках сумеснага нападу СССР і Трэцяга Рэйху на Польшчу, Усходнюю Галічыну ўключылі ў склад Савецкага Саюзу.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
«Урзуля фон дэр Ляен напэўна прысела». На тэлеканале «Брэст» выдалі старое інтэрв’ю Петэра Мадзяра за новую палітычную сенсацыю
Антыфэйк / фактчэк «Урзуля фон дэр Ляен напэўна прысела». На тэлеканале «Брэст» выдалі старое інтэрв’ю Петэра Мадзяра за новую палітычную сенсацыю
Вядоўца Ала Грыгарчук заявіла, што новы прэм’ер Вугоршчыны нядаўна прапанаваў Віктару Орбану ўзначаліць Еўракамісію.
11 мая 2026 Чытаць
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць