Антыфэйк / фактчэк

25 чэрвеня

Краіны БРЫКС адмовіліся ад удзелу ў саміце міру па Украіне? Дэкан журфаку БДУ не ўлічыў палову арганізацыі

У спісе ўдзельнікаў ёсць Бразілія, Індыя, Саудаўская Аравія, Арабскія Эміраты і ПАР.

Краіны БРЫКС дэманстратыўна адмовіліся ад удзелу ў Глабальным саміце міру па Украіне, які 15–16 чэрвеня прайшоў у Швейцарыі, распавёў дэкан журфаку БДУ Аляксей Бяляеў. Каманда Weekly Top Fake праверыла, ці сапраўды гэта так. 

На Глабальны саміт міру па Украіне прыехалі прадстаўнікі 92 краін свету. Расею на яго не запрасілі. Гэтую падзею абмеркавалі ў эфіры «Альфа Радыё» 18 чэрвеня 2024 года. Дэкан журфаку БДУ Аляксей Бяляеў заявіў, што саміт праваліўся, а краіны БРЫКС ад удзелу адмовіліся:

«Не паехалі прадстаўнікі краін БРЫКС, адмовіліся дэманстратыўна. Не паехалі, што таксама цікава, прадстаўнікі буйных міжнародных арганізацый. Напрыклад, адмовіўся ехаць генеральны сакратар ААН Антонью Гутэрыш, не паехаў папа рымскі».

БРЫКС аб'ядноўвае 10 краін, гаворыцца на сайце арганізацыі. Гэта пяць асноўных: Бразілія, Расея, Індыя, Кітай і ПАР (з першых літар назваў гэтых краін і складаецца назва арганізацыі BRICS). І некалькі новых членаў — Егіпет, Іран, Аб'яднаныя Арабскія Эміраты, Эфіопія. Дзясятая ў спісе — Саудаўская Аравія, але афіцыйныя асобы краіны абверглі ўдзел, заявіўшы, што ім трэба падумаць, уступаць у БРЫКС ці не. 

Ці сапраўды краіны-чальцы БРЫКС не прыехалі на саміт у Швейцарыю? У спісе ўдзельнікаў ёсць Бразілія, Індыя, Саудаўская Аравія, Арабскія Эміраты і ПАР. Гэтыя краіны прадстаўлялі не першыя асобы дзяржавы, а чыноўнікі рангам ніжэй. Бразілія выступіла ў якасці назіральніка. 

Гэта значыць, што форум наведалі тры з пяці асноўных членаў БРЫКС і два новыя — палова гэтага аб'яднання. 

Што тычыцца ўдзелу міжнародных арганізацый, то Бяляеў тут таксама памыліўся. Папа рымскі і Антонью Гутэрыш не прыехалі, аднак ад Ватыкану быў назіральнік, а ААН прадстаўляў намеснік генеральнага сакратара.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым

Іншыя публікацыі