Антыфэйк / фактчэк 05 лютага

На СТБ «выкупляюць» замянілі на «пазбаўляюць» і абвінавацілі латвійскія ўлады ў канфіскацыі надзелаў у насельніцтва

У Мінабароны Латвіі заявілі, што кошт зямлі кампенсуюць, але на беларускім дзяржТБ гэта праігнаравалі.

У Латвіі ў жыхароў памежжа аднімаюць землі пад будаванне Балтыйскай лініі абароны на мяжы з Беларуссю, распавялі ў праграме «Навіны» на канале СТБ. Каманда Weekly Top Fake высветліла, што пра гэта вядома. 

Кантэкст: Латвія ў 2026 годзе цалкам закрые аўтобусны рух з Беларуссю. З 1 лютага перасталі хадзіць рэйсы з Рыгі да Віцебску. З 27 лютага — не будуць ездзіць да Менску, а з 28 чэрвеня — да Гомля. Перавознікам не падаўжаюць ліцэнзіі на рэгулярныя маршруты. Абмежаванне закранула і экскурсійныя рэйсы. Міністэрства транспарту абгрунтавала гэта пагрозай нелегальнай міграцыі, вербавання з боку беларускіх спецслужбаў і агулам бяспецы вандроўнікаў.

Пра тое, што «улады Латвіі гатовыя ваяваць нават з несапраўдным ворагам, а з уласнымі грамадзянамі», а «урад пачаў наступ на асабістую ўласнасць людзей», вядоўца «Навін» на СТБ Вікторыя Маркевіч паведаміла ў эфіры 27 студзеня 2026 года:

«Жыхары прымежных з Беларуссю і Расеяй раёнаў сталі атрымліваць паведамленні пра канфіскацыю земляў. Каля 2 тысяч гектараў неабходныя для будавання Балтыйскай лініі абароны. Яе ствараюць сумесна з Літвой і Эстоніяй. Ужо забралі каля 400 зямельных надзелаў, агульнай плошчай 350 гектараў. З іх 77% — прыватная ўласнасць. І гэта толькі пачатак. Усяго, паводле дадзеных медыяў, свае землі могуць страціць больш паўтары тысячы грамадзянаў. Ці атрымаюць яны кампенсацыю — невядома». 

Насамрэч, вядома. Прадстаўнікі латвійскага Мінабароны заявілі, што зямлю выкупяць па рынкавай цане і кампенсуюць усе выдаткі яе ўласнікам, у тым ліку страты фермераў за ўраджай на гэтых надзелах.

У Рызе палічылі, што ўжо ўсталяваныя супрацьтанкавыя вожыкі і «зубы цмока» (супрацьтанкавыя надлобы) — недастатковая захада ў выпадку нападу, таму мяжу хочуць узмацніць супрацьтанкавымі мінамі і іншымі ўмацаваннямі. Увесь гэты абарончы комплекс расцягнецца на 30 км углыб мяжы. Гэты праект назвалі Балтыйскай лініяй абароны на мяжы з Беларуссю і Расеяй.

Для будавання Міністэрства абароны збіраецца выкарыстаць каля паўтары тысячы зямельных надзелаў. Аднак проста выняць зямлю забараняе Канстытуцыя Латвіі, дзе прапісана, што ў такіх выпадках належыць справядлівае кампенсаванне. Таксама ў заканадаўстве прапісана права на справядлівую кампенсацыю, з улікам рынкавага кошту і страт уласніка.

Падобная працэдура адбываецца пры будаванні чыгуначнай магістралі Rail Baltica, якая звяжа краіны Балтыі з Польшчай. Па сфармаванай практыцы людзям прапануюць кампенсацыю, а калі яны з ёю не згодныя, то ідуць у суд. 

Апроч беларускага тэлебачання чуткі пра тое, што зямлю забяруць без кампенсацыі, распускалі мясцовыя нячыстыя на руку прадпрымальнікі. Як паведамлялі латвійскія медыі, яны пераконвалі ў гэтым людзей, якія не маюць поўнай інфармацыі і дрэнна ведаюць законы, і выкуплялі іх надзелы за капейкі.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
«Урзуля фон дэр Ляен напэўна прысела». На тэлеканале «Брэст» выдалі старое інтэрв’ю Петэра Мадзяра за новую палітычную сенсацыю
Антыфэйк / фактчэк «Урзуля фон дэр Ляен напэўна прысела». На тэлеканале «Брэст» выдалі старое інтэрв’ю Петэра Мадзяра за новую палітычную сенсацыю
Вядоўца Ала Грыгарчук заявіла, што новы прэм’ер Вугоршчыны нядаўна прапанаваў Віктару Орбану ўзначаліць Еўракамісію.
11 мая 2026 Чытаць
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць