Расследуем карупцыю, выкрываем фэйкі, аналізуем навінавую павестку. БРЦ — чалец глабальнай сеткі журналістаў-расследавальнікаў.
Нашыя журналісты атрымалі прэмію Ганса Штайгэра за журналісцкія расследаванні ад Міжнароднага цэнтру журналістаў (ICFJ), прэмію за свабодныя СМІ (Free Media Award) ад фондаў ZEIT-Stiftung Bucerius і Fritt Ord, а таксама прэмію за дасягненні ў журналістыцы дадзеных (Data Journalism Award) ад Грамадства садзейнічання развіццю працоўнай дзейнасці журналістаў і рэдакцыі (SABEW). Наш праект Dubai Unlocked увайшоў «у шорт-ліст» Sigma Awards.
З 2018 па 2026 год нашыя журналісты таксама атрымалі 11 узнагародаў беларускай нацыянальнай прэміі «Вольнае слова».
БРЦ з'яўляецца чальцом OCCRP (Цэнтр па даследаванні карупцыі і арганізаванай злачыннасці)
Таксама мы чальцы GIJN (Глабальная сетка журналістаў расследавальнікаў)
На СТБ выдалі даклад Нацбанку за справаздачу пра поспехі ўсёй эканомікі і двойчы ўвялі гледачоў у зман
Раман Галоўчанка казаў пра інфляцыю і рэзервовыя актывы, а на ТБ дадалі да яго словаў экспарт і ўзрост ВУП.
У эфіры СТБ распавялі пра дасягненне Беларуссю пастаўленых на 2025 год эканамічных паказнікаў, спаслаўшыся на выступ кіраўніка Нацбанку Рамана Галоўчанкі. Каманда Weekly Top Fake высветліла, што на тэлеканале двойчы схлусілі.
Кантэкст:Эксперты ААН зрабілі прагноз эканамічнага росту Беларусі на 2026 і 2027 гады. У іх выйшла па 2,1%, хоць улады краіны чакаюць больш актыўнага ўзросту сёлета — да 2,8%.
Пра вынікі працы Нацбанку ў 2025 годзе ў эфіры СТБ распавялі 29 студзеня 2026 года.
«Атрымалася забяспечыць выкананне ўсіх мэтавых паказнікаў, якія вызначаны ўказам прэзідэнта: крытэр па ўзросце ВУП, экспарце тавараў і паслуг, павелічэнне грашовых прыбыткаў, інвестыцый у межах прагнозаў. Аднак ёсць і выключэнні», — паведаміла вядоўца.
Далей паказалі фрагмент справаздачы старшыні кіравання Нацыянальнага банку Рамана Галоўчанкі.
«Інфляцыя склала 6,8%, што выходзіць за рамкі 5-адсоткавага прагнозу», — адзначыў службовец.
Вядоўца пералічыла чатыры асноўныя паказнікі — ВУП, экспарт, зарплаты і інвестыцыі, але ў палове выпадкаў чаканні па іх не супалі з рэчаіснасцю. Па ВУП вынік апынуўся ніжэй за запланаваны ўтрая. Экспарт — пакуль удвая (дадзеныя ёсць толькі за 11 месяцаў, але малаімаверна, што адзін месяц кардынальна зменіць сітуацыю). Але галоўнае, што рэпліка Рамана Галоўчанкі не адносілася да пералічанага.
Кіраўнік Нацбанку, падводзячы вынікі працы сваёй установы, казаў пра іншыя паказнікі. Па інфармацыі БелТА, службовец сказаў, што ў 2025 годзе забяспечана выкананне практычна ўсіх мэтавых паказнікаў, зацверджаных указам №385. Ён тычыцца толькі працы Нацбанку, а не эканомікі ў цэлым. У ім няма нічога пра ВУП, экспарт і іншае. Затое ёсць пра планы на інфляцыю, міжнародныя рэзервовыя актывы, працу аплатнай сістэмы і г. д.
Выходзіць, што на СТБ не толькі зманілі пра выкананне паказнікаў, але і прыпісалі гэту хлусню Раману Галоўчанку.