Расследуем карупцыю, выкрываем фэйкі, аналізуем навінавую павестку. БРЦ — чалец глабальнай сеткі журналістаў-расследавальнікаў.
Нашыя журналісты атрымалі прэмію Ганса Штайгэра за журналісцкія расследаванні ад Міжнароднага цэнтру журналістаў (ICFJ), прэмію за свабодныя СМІ (Free Media Award) ад фондаў ZEIT-Stiftung Bucerius і Fritt Ord, а таксама прэмію за дасягненні ў журналістыцы дадзеных (Data Journalism Award) ад Грамадства садзейнічання развіццю працоўнай дзейнасці журналістаў і рэдакцыі (SABEW). Наш праект Dubai Unlocked увайшоў «у шорт-ліст» Sigma Awards.
З 2018 па 2026 год нашыя журналісты таксама атрымалі 11 узнагародаў беларускай нацыянальнай прэміі «Вольнае слова».
БРЦ з'яўляецца чальцом OCCRP (Цэнтр па даследаванні карупцыі і арганізаванай злачыннасці)
Таксама мы чальцы GIJN (Глабальная сетка журналістаў расследавальнікаў)
Палякам давядзецца спраўляцца з наступствамі паводкі без дапамогі ўраду? Вотэбаўтызм ад СТБ
Дональд Туск 17 верасня напісаў у сетцы Х (былы твітэр), што ўсе, хто маюць патрэбу ў дапамозе, яе атрымаюць.
«Сталічнае тэлебачанне» паказала сюжэт пра наступствы паводкі ў Польшчы пад назвай «Палякі засталіся сам-насам з бядой!». Закадравы голас распавёў, як урад суседняй краіны нібыта адмовіўся дапамагаць пацярпелым аднаўляць пашкоджанае стыхіяй жытло. Каманда Weekly Top Fake даведалася, якую дапамогу атрымалі палякі.
Відэасюжэт пра Польшчу і наступствы стыхійнага бедства выйшаў на тэлеканале СТБ 25 верасня 2024 года.
«Навукоўцы-гідролагі наогул заклікаюць жыхароў назаўжды пакінуць затопленыя тэрыторыі. Недвухсэнсоўна на гэта намякнуў і прэм'ер-міністр Дональд Туск, даўшы зразумець, што аднаўляць дамы прыйдзецца самастойна, без дапамогі ўраду», — гаворыцца ў сюжэце.
Дональд Туск 17 верасня напісаў у сетцы Х (былы твітэр), што ўсе, хто маюць патрэбу ў дапамозе, яе атрымаюць:
«Яшчэ раз пра дапамогу: кожны пацярпелы ад паводкі мае права на неадкладную экстранную дапамогу ў памеры 10 тысяч злотых, на рамонт — да 100 тысяч злотых, на аднаўленне дома — да 200 тысяч злотых. БЯЗВЫПЛАТНА. Магчыма, будуць і іншыя формы дапамогі».
10 тыс. злотых, што ў пераліку крыху менш за €2,5 тыс., — гэта першая дапамога пацярпелым на жыццё. Асобна выплочваюць дапамогу на рамонт нерухомасці. Калі гэта жылы дом або кватэра — 200 тыс. злотых або каля €47 тыс. Калі пацярпела гаспадарчая пабудова, можна атрымаць да 100 тыс. злотых або да €24 тыс. Дакладная сума будзе залежаць ад ступені разбурэння.
Акрамя таго, дзяржава на год бярэ на сябе выплату адсоткаў па жыллёвых крэдытах для тых, хто страціў магчымасць жыць у сваім жытле. Дапамога прадугледжаная і для пацярпелых прадпрымальнікаў — да $250 тыс.
Па Беларусі ў сярэдзіне ліпеня пранёсся ўраган, на дамы, іншыя пабудовы і аўтамабілі падалі дрэвы. Некалькі чалавек загінулі. Беларусы маглі разлічваць на адрасную аднаразовую дапамогу ад дзяржавы ў памеры да 10 бюджэтаў пражытачнага мінімуму або да 4,3 тыс. рублёў (каля €1,2 тыс.). Прадугледжана яна не для ўсіх грамадзянаў, а для людзей з нізкім прыбыткам.