Антыфэйк / фактчэк Сёння

СТБ выдаў гадавыя паказнікі за месячныя і паведаміў пра заўважнае зніжэнне пакупной здольнасці эстонцаў

Паводле тэлеканалу, больш за ўсё ў Эстоніі падаражэлі яйкі, мяса, рыба і малочныя прадукты.

У эстонскіх крамах праз падаражэнне прадуктаў за месяц продажы скараціліся на 5%, расказалі вядоўцы праграмы «Навіны» на канале СТБ. Каманда Weekly Top Fake праверыла і ўбачыла іншую статыстыку. 

Пра тое, што «жыхары Эстоніі змушаны зацягваць паясы і адмаўляць сабе ў куплі харчоў праз няўхільны рост цэн», гаворка ішла ў праграме «Навіны» на канале СТБ 29 сакавіка 2025 года.

«Мясцовыя медыі паведамляюць пра заўважнае зніжэнне пакупніцкай здольнасці насельніцтва. Згодна з апошнімі дадзенымі, аб'ём продажаў у прадуктовых крамах рэспублікі скараціўся на 5% усяго за адзін месяц — з лютага па сакавік. Асаблівую турботу выклікае значнае падаражэнне прадуктовай базы — яек, мяса, рыбы і малочных вырабаў. Эксперты тлумачаць рэзкі скок цэн шэрагам фактараў, у тым ліку агульнай інфляцыяй у Еўропе», — расказалі вядоўцы.

Эстонскія медыі пісалі, спасылаючыся на Дэпартамент статыстыкі, пра скарачэнне аб'ёмаў продажаў у харчовых крамах у лютым 2025 года на 5%. Але не за месяц, а за год — у параўнанні з лютым 2024-га. Апроч таго, журналісты згадвалі, што продажы крам з нехарчовымі таварамі растуць.

Цэны ў Эстоніі, па афіцыйных дадзеных, за год — з лютага 2024-га па люты 2025-га — выраслі на 5,3%. У Беларусі за гэты ж час нават трохі больш — на 5,6%.

Каманда WTF праверыла, ці сапраўды ў эстонскіх крамах падаражэлі мяса, рыба і малочныя вырабы, як сцвярджае СТБ. Параўнанне цэн у адной гандлёвай сетцы за сакавік мінулага і гэтага гада паказала, што малочныя прадукты падаражэлі, а мясныя і рыбныя сталі танней. Кошт спажывецкага кошыка з 47 прадуктаў за год вырас менш чым на €1. 

Трыма днямі раней, 26 сакавіка, на СТБ расказалі пра праблемы літоўцаў — рост цэн на малако і інфляцыю. У колькі разоў перабольшылі лічбы, чытайце ў гэтым матэрыяле.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі