Антыфэйк / фактчэк Сёння

Падатак замест дапамогі кіроўцам? Што не так з сюжэтам СТБ пра цэны на паліва ў Польшчы

Вядоўца заявіла, што Польшча ўвяла новы падатак замест зніжэння цэнаў на паліва. Але цэны абмежавалі яшчэ ў сакавіку.

У праграме «Навіны 24 гадзіны» на СТБ раскрытыкавалі польскія ўлады за новы падатак на прыбытак і заявілі, што яго ўводзяць замест захадаў па зніжэнні цэнаў на паліва. Але гэта скажае сітуацыю. У Польшчы ўжо ўвялі лімітавыя цэны на паліва на запраўках, знізілі ПДВ на бензін і дызель, а таксама часова зменшылі паліўны акцыз. Новы падатак павінен часткова кампенсаваць страты бюджэту праз гэтыя льготы.

Кантэкст: Прэзідэнты ЗША і Ірану 17 чэрвеня 2026 года абвясцілі пра падпісанне мемарандуму аб спыненні агню. Ён запускае 60-дзённае перамір’е, каб бакі маглі дамовіцца пра больш доўгатэрміновы мір. Пагадненне прадугледжвае аднаўленне суднаходства праз Хурмузскую пратоку. Эксперты лічаць, што яно больш выгаднае Ірану, чым ЗША. Доналд Трамп прызнаўся, што пайшоў на гэта, каб пазбегнуць эканамічнай катастрофы. Цэны на нафту ўжо адрэагавалі падзеннем каціровак. Чакаецца, што яны могуць упасці яшчэ прыкметней, бо на рынак адначасова трапіць шмат нафты, якая затрымалася ў Хурмузскай пратоцы.

У праграме «Навіны 24 гадзіны» на СТБ 18 чэрвеня 2026 года раскрытыкавалі Польшчу за тое, як яна вырашае праблему кошту паліва. Вядоўца заявіла, што польскія ўлады ўводзяць новы падатак замест зніжэння цэнаў.

«Польскі ўрад увёў новы падатак на прыбытак замест захадаў па зніжэнні цэнаў на паліва. Улады апраўдваюць рашэнне крызісам у Персідскім заліве, але эксперты лічаць гэты крок прыкметай бездапаможнасці кабінету Доналда Трампа. На іх думку, такая захада не развяжа праблемаў, а толькі знізіць інвестыцыйную актыўнасць бізнесу — а гэта ключавы фактар устойлівага росту эканомікі», — заявіла вядоўца.

Новы падатак сапраўды плануюць увесці. Але ён не датычыцца ўсяго бізнесу або кіроўцаў. Плаціць яго павінны вытворцы і прадаўцы паліва. Акрамя таго, падатак уводзяць не замест зніжэння цэнаў на паліва, а пасля таго, як такія захады ўжо прынялі. Гэта адбылося яшчэ ў канцы сакавіка: тады ў Польшчы ўвялі лімітавыя цэны на паліва на запраўках. Таксама падатак на даданую вартасць на бензін і дызель знізілі з 23% да 8%, а паліўны акцыз панізілі да мінімальна дапушчальнага ў Еўразвязе ўзроўню.

Гэтыя захады часовыя. Зніжаны ПДВ і лімітавыя цэны на паліва яшчэ дзейнічаюць, а паніжаны акцыз ужо адмянілі.

Праз льготы польскі бюджэт пачаў губляць каля 1,5 млрд злотых у месяц. Таму ўлады вырашылі часткова кампенсаваць гэтыя страты за кошт падатку на звышпрыбытак паліўных кампаніяў, які тыя атрымалі праз высокія цэны. То бок новы падатак уводзяць не замест зніжэння цэнаў на паліва, а пасля гэтых захадаў — і для таго, каб кампенсаваць бюджэтныя страты ад іх ужывання.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
150 нацыянальнасцяў і стабільная польская супольнасць: як на News.by перабольшылі талерантнасць Беларусі
Антыфэйк / фактчэк 150 нацыянальнасцяў і стабільная польская супольнасць: як на News.by перабольшылі талерантнасць Беларусі
У эфіры пераблыталі колькасць нацыянальнасцяў, прадстаўнікі якіх жывуць у краіне, з удзельнікамі фестывалю і не заўважылі скарачэння польскай супольнасці.
21 чэрвеня 2026 Чытаць
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць