Антыфэйк / фактчэк Сёння

Нямецкія танкі для цяжарных: на БТ расказалі пра «ініцыятыву» Урзулі фон дэр Ляен

Мы спыталі Міністэрства абароны Нямеччыны пра пераабсталяванне баявых машын пад танкістак, якія чакаюць дзіця.

Кацярына Ціхамірава ў эфіры News.by заявіла, што Урзуля фон дэр Ляен, займаючы пасаду міністаркі абароны Нямеччыны, ініцыявала пераабсталяванне нямецкіх танкаў пад цяжарных кабет-танкістак. Міністэрства абароны краіны аспрэчыла гэту інфармацыю.

Расказваючы ў эфіры News.by 13 ліпеня 2025 года пра тое, як Еўрапарламент адхіліў вотум недаверу старшыні Еўракамісіі Урзулі фон дэр Ляен, вядоўца Кацярына Ціхамірава ўспомніла пра яе папярэднюю пасаду міністра абароны Нямеччыны:

«Дарэчы, фон дэр Ляен не ўпершыню сыходзіць ад адказнасці, тады як карупцыйны хвост цягнецца аж ад Нямеччыны. Пачынаючы ад яе абсурдных інавацыяў: гэта не жарт, але фраў прасоўвала пераабсталяванне нямецкіх танкаў крэсламі для цяжарных танкістаў».

Урзуля фон дэр Ляен была міністаркай абароны Нямеччыны ў 2013-2019 гадах. Ніякіх згадак пра гэту яе ініцыятыву няма ні ў нямецкай, ні ў англамоўнай прэсе. Затое ёсць у некаторых сацсетках: прыкладам, расейскім тэлеграм-канале, на сайтах «ВКонтанте» і «Одноклассники».

Праўда гэта ці не, мы спыталіся ў нямецкай установы. Праект WTF скіраваў запыт у Мінабароны Нямеччыны і атрымаў адказ:

«Такія меры, як Вы апісваеце, не праводзіліся і не праводзяцца. Апроч таго, існуюць выразныя заканадаўчыя ўсталяваныя нормы аховы працы, скіраваныя на абарону цяжарных вайскоўцаў. Гэта, у прыватнасці, датычыць і выкарыстання буйнагабарытнай тэхнікі і машын».

Паводле нормаў па ахове мацярынства для кабет-вайсковак у бундэсверы, у час цяжарнасці яны не могуць выконваць абавязкі, звязаныя з цяжкімі фізічнымі нагрузкамі, шкодным уплывам вібрацыі ці шуму.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць