Пра тое, што прэзідэнт ЗША Дональд Трамп страціў прыхільнасць украінцаў і цяпер нават «школьнікаў вучаць яго імя пісаць з маленькай літары», тэлеграм-канал «ЖС Premium» паведаміў 25 лютага 2025 года.
«Яшчэ далей пайшлі ў Адэсе. Там, як аказваецца яшчэ нядаўна быў помнік Трампу. Больш яго няма — знеслі. Услед за Кацярынай II і Аляксандрам Сяргеевічам Пушкіным.
Сумныя навіны для Дональда Фрэдавіча прыйшлі і з Жытоміру. Там яму адмовілі ў галоўным — ён больш не ганаровы грамадзянін гораду. Пазбаўлены звання», — напісалі аўтары тэлеграм-каналу і апублікавалі нібыта фота знесенага бюста.
На самай справе ў Адэсе ніколі не было помніка Дональду Трампу. Фотаздымак, прымацаваны да посту, дамаляваны ў графічным рэдактары. Гэта высветлілі ўкраінскія медыі шэсць гадоў таму. Яго ў лютым 2019 года апублікаваў на сваёй старонцы ў фэйсбуку адэскі мастак Вадзім «Bondero» Бандарэнка. У канцы сакавіка таго ж года ён прадставіў сапраўдны бюст Трампа і паўночнакарэйскага лідара Кім Чэн Ына. Іх жартоўнае адкрыццё адбылося 28 сакавіка 2019 года.
«Спачатку была арт-інсталяцыя ў выглядзе намаляванага бюста Трампа, а калі мы ўбачылі цікавасць людзей, вырашылі зрабіць сапраўдныя бюсты Трампа і Ына», — распавёў мастак.
Гэтыя арт-інсталяцыі прастаялі на Аляксандраўскім праспекце ў Адэсе некалькі гадзін. Пасля іх планавалі перамясціць у Музей сучаснага мастацтва.
Нататку пра пазбаўленне Дональда Трампа звання ганаровага грамадзяніна Жытоміру апублікавалі 23 лютага 2025 года на сатырычным сайце «Панарама». Яго аўтары пішуць выдуманыя навіны на актуальныя тэмы. Унізе галоўнай старонкі ёсць папярэджанне, што тэксты на сайце — гэта гратэскныя пародыі на рэчаіснасць.
У сатырычнай нататцы пра прэзідэнта ЗША гаворыцца: «Гарадская рада Жытоміру аднагалосным рашэннем адабрала статус ганаровага грамадзяніна ў амерыканскага бізнесмена і палітыка Дональда Трампа. Цяпер ён не зможа скарыстацца гарадскімі ільготамі і ў цэлым "больш не аўтарытэт для жытомірцаў", — гаворыцца ў заяве. Статус ганаровага грамадзяніна Жытоміру Трампу прысвоілі ў лістападзе 2024 года, адразу пасля перамогі на прэзідэнцкіх выбарах. На тым жа паседжанні гэта ганаровае званне адабралі ў Джо Байдэна і Камалы Харыс. Дэпутаты гарсавету склалі “ліст наказаў прэзідэнту ЗША" і адправілі яго па электроннай пошце».