Антыфэйк / фактчэк 23 ліпеня

Фэст Tutaka пад Беластокам арганізавалі ў піку «Славянскаму базару»?

«Вечаровы палітычны канал» у рэгіянальным фэсце-пікніку на Падляшшы ўбачыў канкурэнта буйному міжнароднаму фэсту ў Віцебску.

Вядоўца «Вечаровага палітычнага канала» Вікторыя Кірычэнка заявіла, што арганізатары фэсту Tutaka адмыслова запланавалі яго ў адзін час са «Славянскім базарам». Журналісты Weekly Top Fake пераканаліся, што традыцыя яго правядзення ў гэты час узнікла да «Славянскага базару».

З 8 па 14 ліпеня 2025 года ў Віцебску прайшоў Міжнародны фэст«Славянскі базар», а з 10 па 13 ліпеня ва ўрочышча Борык, недалёка ад вёскі Грудэк у Падляскім ваяводстве, — фэст Tutaka. На апошні прыехаў таксама былы палітвязень Сяргей Ціханоўскі — ён правёў нефармальную сустрэчу з гасцямі імпрэзы.

Вядоўца рубрыкі «Асцярожна, правакатары» на ютуб-канале агенцтва «Менск-Навіны» Вікторыя Кірычэнка параўнала абодва фэсты і назвала польскі «галоўным пасмешышчам гэтых выходных».

«Фэст, калі яго можна так назваць, які быў арганізаваны відавочна ў піку “Славянскаму базару”. І гэта падзея збеглых выдатна падыходзіць да мема “вартая жалю пародыя і непаўторны арыгінал”. Вартая жалю пародыя на фэст выглядае так: нешта каля ста чалавек сабраліся паглядзець, як Ціханоўскі смажыць катлеты. Мы не прымяншаем колькасці ўдзельнікаў, таму што, па сціплых падліках, там не назбіралася і сотні», — заявіла яна ў эфіры 14 ліпеня.

Каманда WTF пераканалася, што словы Кірычэнкі і пра другаснасць фэсту ў Польшчы, і пра колькасць яго гасцей не адпавядаюць рэчаіснасці. Мы прагледзелі відэазапіс з дрона — камера зафіксавала большую колькасць удзельнікаў, чым «каля ста». Арганізатары кажуць пра некалькі тысяч за чатыры дні.

Фэст Tutaka — наступнік рэгіянальнага фэсту альтэрнатыўнай і рок-музыкі «Басовішча». Першы адбыўся ў ліпені1990 года і да 2019-га традыцыйна прахадзіў у тым жа месцы і месяцы. Нязменным арганізатарам было Беларускае зʼяднанне студэнтаў, заснаванае моладдзю Беласточчыны. Фэст Tutaka стартаваў тамсама і ў той жа час праз два гады — у 2021-м.

Дэбютны «Славянскі кірмаш» адбыўся ў ліпені 1992 года. Ён прыйшоў на змену Усесаюзнаму фэсту польскай песні, што стартаваў у 1988 годзе. Віцебскі фэст задумваўся як міжнародная імпрэза, яго арганізацыя праходзіць на дзяржаўным узроўні.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць