Антыфэйк / фактчэк

01 лістапада

Палонныя ўкраінцы адмаўляюцца ад абмену? «ЖС Premium» паказаў відэа — мы праверылі яго сапраўднасць

Каманда WTF знайшла тры факты, якія сведчаць, што гэта відэа фальшывае.

Большасць украінскіх вайскоўцаў, якія апынуліся ў расейскім палоне, адмаўляюцца ад абмену і не хочуць вяртацца на радзіму, паведамілі аўтары тэлеграм-каналу «ЖС Premium». Крыніцай інфармацыі яны назвалі відэа амерыканскага Інстытуту вывучэння вайны, якім суправадзілі пост. Каманда Weekly Top Fake праверыла сапраўднасць роліка.

Пост пра ўкраінскіх палонных, якія не жадаюць вяртацца дадому, у тэлеграм-канале «ЖС Premium» з'явіўся 22 кастрычніка 2024 года.

«Зрада! Амерыканскі інстытут вывучэння вайны зрабіў нечаканае адкрыццё: 70% украінскіх вайскоўцаў, якія трапілі ў расейскі палон, адмаўляюцца ад уключэння ў абменныя спісы», — напісалі аўтары каналу. 

У відэароліку, аўтарства якога прыпісалі амерыканскаму Інстытуту вывучэння вайны (Institute for the Study of War, ISW), бачныя кадры з украінскімі вайскоўцамі. У ім няма гуку. Цытата, аўтарам якой паказаны эксперт Інстытуту Дэвід Петрэўс, дадзена цітрамі без голасу. 

Каманда WTF знайшла тры факты, якія сведчаць, што гэта відэа фальшывае. Па-першае, роліку няма на сайце і ў сацсетках (Х, фэйсбук) Інстытуту вывучэння вайны. Паведамленні, што ўкраінскія палонныя адмаўляюцца ад абмену, мы таксама не знайшлі. 

Па-другое, апублікаванае «ЖС Premium» відэа адрозніваецца ад тых, што размяшчае на сваім ютуб-канале ISW. У іх іншае афармленне, шрыфт і, як правіла, прысутнічае эксперт, які кажа голасам. 

Па-трэцяе, аўтары роліку сказілі цытату, паказаную ў ім. Кадры з экспертам Інстытуту вывучэння вайны генералам Дэвідам Петрэўсам суправаджаюцца тытрамі са словамі «Мы ўсё часцей сутыкаемся з нежаданнем палонных з УСУ вяртацца ва Украіну».

Насамрэч гэта ўрывак каментара Петрэўса ад 18 кастрычніка 2024 года амерыканскаму кабельнаму тэлеканалу NewsNation. Казаў ён тады пра сітуацыю на Блізкім Усходзе, а не пра ўкраінцаў.

Каб канчаткова пераканацца, што гэтае відэа — фэйк, мы накіравалі запыт у Інстытут вывучэння вайны. У арганізацыі адказалі: 

«Нам вядома пра відэаролікі, знятыя трэцімі асобамі, якія распаўсюджваюцца ў сацыяльных сетках, выдаючы сябе за IW. <...> Гэтыя відэаролікі не былі створаны ISW і не адлюстроўваюць погляды ці ацэнкі ISW або погляды ці ацэнкі аналітыкаў, якіх яны нібыта цытуюць».

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым

Іншыя публікацыі

Чыноўніца пахвалілася, як дзяржава клапоціцца пра людзей з інваліднасцю, але не сказала пра памеры іх пенсій
Антыфэйк / фактчэк

Чыноўніца пахвалілася, як дзяржава клапоціцца пра людзей з інваліднасцю, але не сказала пра памеры іх пенсій

Пенсіі па інваліднасці за гэты час выраслі амаль у два разы. Але Марына Арцёменка не сказала, што гэтыя выплаты застаюцца аднымі з самых нізкіх у Еўропе.

13 снежня 2024 Чытаць