Расследуем карупцыю, выкрываем фэйкі, аналізуем навінавую павестку. БРЦ — чалец глабальнай сеткі журналістаў-расследавальнікаў.
Журналісты БРЦ – лаўрэаты нацыянальнай прэміі «Вольнае слова» Беларускай асацыяцыі журналістаў за расследаванні ў 2018, 2019, 2020, 2021 і 2022 гадах. На «Вольным слове» у 2021 годзе каманда БРЦ атрымала першае месца ў катэгорыі «Аналітыка».
БРЦ з'яўляецца чальцом OCCRP (Цэнтр па даследаванні карупцыі і арганізаванай злачыннасці)
Таксама мы чальцы GIJN (Глабальная сетка журналістаў расследавальнікаў)
Украінскія школьнікі вывучаюць баявік пра Зяленскага, а французы перапрадаюць калядныя падарункі праз інфляцыю. Выкрыццё фэйкаў ад «Лукавых навін»
Каманда "Лукавых навінаў" выкрывае фэйкавыя навіны.
Фэйк №1. Украінскім школьнікам для пазакласнага чытання задалі баявік пра Зяленскага
Партнёрскі матэрыял
Украінскім дзецям задалі на вакацыі прачытаць кнігу-баявік пра прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага. Пра гэта напісалі прарасейскія тэлеграм-каналы 21 снежня 2022 года і нават апублікавалі відэа, дзе бачная яе вокладка.
«Ва Украіне дзецям на вакацыі для пазакласнага чытання выдалі кніжку пра Зяленскага, які падарожнічае ў часе, прыходзіць на дапамогу УПА і змагаецца са Сталіным, — пішуць аўтары канала пад відэа. — Чакаем "Зяленскі на месяцы" і "Зяленскі — вось хто сапраўдны чалавек-павук"».
У інтэрнэце такая кніга нідзе не згадваецца акрамя прарасейскіх рэсурсаў. Выдавецтва «Украінская фантастыка», якое пазначана на вокладцы, не існуе.
Каманда «Лукавых навін» звярнулася ў Міністэрства адукацыі і навукі Украіны па каментар з нагоды дадання кнігі ў пазакласную праграму школьнікаў. Яно адказала коратка: «Вітаем! Поўнае трызненне. Нават каментаваць такое не лічым мэтазгодным».
Фэйк №2. Байдэн прыйшоў на сустрэчу з Зяленскім у гальштуку колераў георгіеўскай стужкі
Партнёрскі матэрыял
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн на сустрэчу з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім надзеў гальштук. Пракрамлёўскі журналіст Канстанцін Прыдыбайла ўбачыў у ім падабенства з чорна-аранжавай георгіеўскай стужкай і напісаў пра гэта пост 21 снежня 2022 года ў сябе ў тэлеграм-канале.
Верагодна, у прылады, на якой журналіст глядзеў фатаграфію, не настроена колераперадача экрана. На самай справе гальштук у Байдэна ў сіне-жоўтую палоску — гэта колеры ўкраінскага сцяга.
Фэйк №3. Ва Украіне прадаюць талеркі з выявай галодных расейскіх дзяцей
Партнёрскі матэрыял
Расейскія праўладныя тэлеграм-каналы апублікавалі скрыншоты з інстаграма з фотаздымкамі талерак з выявай галодных расейскіх дзяцей. Прадавалі іх нібыта ўкраінец ці ўкраінка, а грошы збіраліся перадаць УСУ.
«НедаМайстарка з Кіева нафантазіравала талеркі з выявай галодных рускіх дзяцей на фоне Крамля. Абяцае частку сродкаў адпраўляць на кулі для рускіх. Ох, фантазёры...» — зрабілі подпіс пад скрыншотамі аўтары тэлеграм-канала «Горш і не скажаш».
Каманда «Лукавых навін» праверыла і не выявіла такога акаўнта ў інстаграме — ён не існуе.
Фэйк №4. Бюджэт ЗША на сельскую гаспадарку і ахову здароўя меншы, чым на дапамогу Украіне
Партнёрскі матэрыял
ЗША вылучае менш бюджэтных сродкаў на развіццё ўласнай аховы здароўя і сельскай гаспадаркі, чым на дапамогу Украіне, сцвярджаюць аўтары праўладнага тэлеграм-канала «Невальфовіч».
«Сумы ў млрд долараў. Стаўкі на коне, мабыць, значна вышэй? Але ці спадабаецца гэтая сітуацыя амерыканцам, якія прывыклі атрымліваць усё і адразу...» — гаворыцца ў допісе за 14 снежня 2022 года.
Перад Новым годам прэзідэнт ЗША Джо Байдэн падпісаў бюджэт краіны на 2023 год. Яго памер — $1,7 трлн. Прыкладна $45 млрд плануюць выдзеліць на дапамогу Украіне і краінам NATO. Гэта значыць, што аб'ёмы вайсковай дапамогі Кіеву захаваюцца прыкладна на ўзроўні 2022 года.
Бюджэт, выдзелены на ахову здароўя склаў $2,7 трлн, на сельскую гаспадарку — $431 млрд. Гэта значна больш сумы дапамогі Украіне.
Фэйк №5. Футбольная асацыяцыя Катара заклікала Украіну выйсці з ФІФА, калі ім нешта не падабаецца
Партнёрскі матэрыял
Еўрапейская федэрацыя глуханямога футбола пасля блакавання ФІФА відэазвароту прэзідэнта Украіны напярэдадні фіналу чэмпіянату свету ў футболе ў Катары запрасіла яго выступіць перад яе спартоўцамі. Пра гэта 19 снежня 2022 года напісаў тэлеграм-канал «ЖС Premium».
Аўтары апублікавалі пост нібыта ад падпісчыка, які ўбачыў у інстаграме таргетаваную рэкламу.
«Сёння ў інсце высвяцілася дзіўная таргет-рэклама. Падумаў зноў Зяленскі просіць у кагосьці грошай, а потым учытаўся і аказваецца гэта яго троліць Еўрапейская федэрацыя глуханямога футбола», — напісаў нібыта карыстальнік сацсеткі (арфаграфія і пунктуацыя аўтара захаваныя).
«Паважаны Уладзімір Зяленскі! Наша арганізацыя глыбока занепакоеная тым, што вам не дазволілі выступіць з прамовай перад фіналам чэмпіянату свету ў Катары. Мы не ФІФА, і мы разумеем, як важна быць пачутымі адзін адным, таму мы запрашаем вас далучыцца да нас у якасці дакладчыка. Мы б з задавальненнем паслухалі, што вы хочаце сказаць», — напісана на скрыншоце з рэкламай.
Аўтары праўладнага беларускага тэлеграм-канала «Жыве ж Беларусь!» заявілі, што Футбольная асацыяцыя Катара заклікала Украіну зусім выйсці з ФІФА, калі ім «нешта не падабаецца».
«Вал прэтэнзіяў да Катару рушыў услед адразу пасля таго, як Зяленскі захацеў выступіць перад фіналам чэмпіянату свету і заканамерна атрымаў адмову.
Але на запыт Зяленскага адгукнулася Еўрапейская федэрацыя глуханямога футбола.
Яны запрашаюць яго ў якасці спікера і гатовыя выслухаць усе яго заявы», — напісалі яны 21 снежня 2022 года.
На апублікаваным скрыншоце рэкламы паказаны нікнэйм профілю ў інстаграме ParaFootball. Гэта Сусветная Арганізацыя і фонд, які падтрымлівае развіццё футбола для людзей з інваліднасцю. Аднак у іх на старонцы няма зваротаў да Уладзіміра Зяленскага і нават згадак пра гэта. Няма закліку да Украіны і ў афіцыйным акаўнце Катарскай федэрацыі футбола ў сацсетцы Х. Праўладныя тэлеграм-каналы падрабілі пост.
Фэйк №6. Байдэн далонню дакрануўся да «паляндвічнай часткі» Зяленскага
Партнёрскі матэрыял
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн паклаў руку на «паляндвічную частку» прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага. Пра гэта распавяла 22 снежня 2022 года вядоўца расейскай перадачы «60 хвілін» Вольга Скабеева і паказала фатаграфію ў пацверджанне.
«Зяленскі дакрануўся сваёй паляндвічнай часткай да далоні Байдэна. Пацвердзіць сапраўднасць гэтага фота мы, вядома ж, не можам», — сказала яна.
Фатаграфія аказалася падробкай. На арыгінальным здымку бачна, што рука прэзідэнта ЗША знаходзіцца на спіне прэзідэнта Украіны.
Фэйк №7. Пуцін — выдатны хлопец, а Зяленскі — ніякі наогул
Партнёрскі матэрыял
Тэлеграм-канал Уладзіміра Салаўёва паспрабаваў знайсці прыхільнікаў Уладзіміра Пуціна і праціўнікаў Уладзіміра Зяленскага сярод еўрапейцаў. Яго аўтары 21 снежня 2022 года апублікавалі ролік іншага расейскага блогера VLADTODAY — на відэа жанчына ў Грэцыі распавядае пра сваё стаўленне да прэзідэнтаў Расеі і Украіны.
«Выдатны хлопец. Мне ён вельмі падабаецца. Многія тут гэтак жа да яго ставяцца. Вы не глядзіце, што грэкі ўсе маўчаць, многія проста баяцца. Некаторыя не хочуць казаць, а некаторыя проста не ведаюць гісторыю — ні Расеі, ні Украіны. А гэта ж брацкія народы! Таму кожны раз, калі нешта падобнае ў свеце адбываецца, сэрца пачынае балець. Такое наогул не павінна адбывацца, нідзе», — кажа яна пра прэзідэнта Расеі.
Пра Уладзіміра Зяленскага жанчына выказалася непахвальна:
«Ніякі наогул! Як быў акторам, як ён сам лічыць, нібыта вялікім, так і працягвае граць сваю ролю. Можа ён і быў годным акторам, але цяпер ён проста павінен сысці са сваёй пасады».
Паводле вынікаў апытання, якое правёў грэцкі незалежны даследчы інстытут DiaNEOSIS пра лідараў ЗША, Расеі і Украіны, грэкі ставяцца да Уладзіміра Пуціна горш за ўсё. І рэпутацыю ён сабе сапсаваў у вялікай ступені ўварваннем ва Украіну. Адмоўна пра яго выказваюцца 69,1% грамадзян. Станоўча — 18,8%. Пра Уладзіміра Зяленскага негатыўна адклікаюцца 45,7% апытаных грамадзян Грэцыі, 34,3% — станоўча. 48,8% апытаных выказалі негатыўнае меркаванне пра Джо Байдэна, 28% — станоўчае.
Фэйк № 8. Украінскія войскі скардзяцца на дрэнную якасць дасланай Захадам тэхнікі
Партнёрскі матэрыял
Вольга Скабеева апублікавала сваю інтэрпрэтацыю артыкула амерыканскага выдання Washington post. З паведамлення пракрамлёўскай журналісткі вынікае, што вайскоўцы УСУ скардзяцца на частыя паломкі дасланай Захадам тэхнікі.
«Зброя, якая паступае з ЗША, у асноўным паступае з запасаў, яна не новая. Яна часта выходзіць з ладу і яе даводзіцца буксіраваць для рамонту на базу NATO у Польшчы. Адпраўка пашкоджанай зброі ў Польшчу з'яўляецца велізарнай затрымкай і вялікім расчараваннем для ўкраінскіх вайскоўцаў», — напісала яна ў сваім тэлеграм-канале 27 снежня 2022 года.
Аднак у артыкуле амерыканскага выдання гаворка ідзе пра тое, як украінцы побач з лініяй фронту рамантуюць трафейную расейскую тэхніку. Пра выпадкі адпраўкі тэхнікі на рамонт у Польшчу ў тэксце толькі адзін абзац. Пры гэтым каментар пра гэта дала выканаўчы дырэктар Цэнтру антыкарупцыйных дзеянняў Дар'я Каленюк, а не прадстаўнік УСУ.
У артыкуле Washington Post зусім няма згадкі, што заходняя тэхніка часта ламаецца.
Фэйк №9. Французы праз інфляцыю перапрадаюць калядныя падарункі
Партнёрскі матэрыял
Кожны дзясяты француз прадасць свой калядны падарунак, каб на фоне інфляцыі папоўніць выдаткі на свята. Пра гэта 28 снежня 2022 года распавялі ў эфіры «Беларусь 1» са спасылкай на французскае тэлебачанне.
«Па дадзеных "І-бэй", на Каляды, 25 снежня, было апублікавана 100 тысяч падобных аб'яваў. Як адзначаецца, для 70% французаў асноўнай прычынай перапродажу падарункаў з'яўляецца магчымасць кампенсаваць святкаванне Калядаў і адкласці грошы на што-небудзь больш важнае», — гаворыцца ў посце з відэа ў тэлеграм-канале ATN_NEWS.
Французскія крыніцы кажуць, што інфляцыя і жаданне кампенсаваць выдаткі на святкаванне Калядаў — не асноўная прычына перапродажу падарункаў. Згодна з барометрам рынку, складзеным фірмай Rakuten, у 2021 годзе «кожны трэці француз быў расчараваны хаця б адным са сваіх падарункаў». 25 снежня 2022 года з раніцы і да 15:00 Rakuten France налічыла больш за 650 000 новых аб'яў, размешчаных на сваёй платформе. Гэта на 8% больш, чым у 2021 годзе. Акрамя таго, перад Калядамі амаль кожны другі француз заявіў, што плануе перапрадаць свой калядны падарунак. Гэта на 8 пунктаў больш, чым у 2021 годзе.
Лічбы ў французскай крыніцы і звесткі «Беларусь1» разыходзяцца.
Акрамя інфляцыі, сярод прычын продажу падарункаў — імкненне людзей да больш разумнага спосабу спажывання. Перапродаж бывае і праз тое, што ў людзей ужо ёсць падораная рэч ці не падышла па памеры, калі гаворка пра вопратку.
Кіраўнік праектаў у eBay France пракаментаваў публікацыю ста тысяч аб'яў у іх на платформе. Ён сказаў, што асаблівага скачка продажаў няма. Пасля выбуху онлайн-продажаў у 2020 і 2021 гадах, адзначаных пандэміяй Covid-19, «мы вяртаемся да звычайных тэндэнцый» і «дастаткова верныя прагнозам», сказаў ён.