Антыфэйк / фактчэк

15 красавіка

Беларусь усё больш паспяхова замяшчае імпарт? Правяраем, ці так гэта

Каманда Weekly Top Fake праверыла, як паўплывалі імпартазамяшчальныя праекты на асартымент у крамах.

БелТА распавяла пра поспехі Беларусі ў імпартазамяшчэнні. Дзяржаўнае інфармагенцтва паведаміла, што доля прадукцыі, якая замяшчае імпарт, у агульным аб'ёме прамысловай прадукцыі дасягнула 45%. Каманда Weekly Top Fake праверыла дакладнасць гэтай інфармацыі.

Аляксандр Лукашэнка 9 красавіка 2024 года падчас нарады па развіцці прамысловасці ў чарговы раз заклікаў беларускіх вытворцаў замяшчаць імпарт. Таксама ён запатрабаваў давесці якасць беларускіх тавараў прыкладна да ўзроўню японскіх і павялічыць экспарт. 

Пасля нарады ў відэа-праекце дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА «Па факце: рашэнні Першага» вядоўца распавяла, наколькі паспяхова праходзіць імпартазамяшчэнне, якое праводзіцца ў Беларусі з 1997 года: 

«Усё новыя і новыя абмежаванні, якія накладваліся на беларускую эканоміку, былі непрыемныя, але не смяротныя. Беларусы даўно навучыліся асвойваць тыя ці іншыя галіны. Так, часам можна пачуць мантру "так у нас рабіць не змогуць", але спяваюць яе ў асноўным эксперты з-за мяжы, якія негатыўна настроеныя да дзяржавы і да таго ж дрэнна валодаюць сітуацыяй у краіне».

Пасля начальнік галоўнага ўпраўлення эканомікі прамысловасці Міністэрства эканомікі Уладзімір Лабанаў агучыў лічбы, якія паказваюць станоўчую дынаміку: 

«Па выніках 2023 года мы ўжо дасягнулі вытворчасці імпартазамяшчальнай прадукцыі ў $30 млрд. За тры гады мы прыраслі толькі на $6 млрд. Доля імпартазамяшчальнай прадукцыі ў агульным аб'ёме прамысловай прадукцыі займае ўжо 45%».

Доля імпарту ў ВУП Беларусі ў 2005 годзе склала 59% і з тых часоў трымалася на ўзроўні ад 55% да 65%. Толькі ў 2011 і 2012 гадах яна падымалася вышэй за 70%. У 2023 годзе, паводле дадзеных Нацбанку, імпартаёмістасць ВУП (суадносіны аб'ёму імпарту да аб'ёму ВУП краіны) склала амаль 66%. 

Каманда Weekly Top Fake таксама праверыла, як паўплывалі імпартазамяшчальныя праекты на асартымент у крамах. У 2010 годзе імпартных тавараў на прылаўках было амаль 30%, а ў 2022-м стала 42%. У Міністэрстве гандлю і антыманапольнага рэгулявання паведамляюць, што ў 2022-2023 гадах нарэшце ўдалося пераламаць шматгадовы трэнд падзення долі продажаў айчынных тавараў і імпарт пачаў зніжацца. Летась ён скараціўся на 1,5% — у асноўным за кошт росту долі айчынных прадуктаў харчавання. А беларускія нехарчовыя тавары свае пазіцыі здаюць.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым

Іншыя публікацыі