Антыфэйк / фактчэк

21 чэрвеня

У Нямеччыне дэкрыміналізавалі дзіцячую парнаграфію? Развянчанне фэйка ад каманды «Зеркала»

Інфанагоду тэлеканал «Беларусь 1» запазычыў у тэлеграм-канала «БайБайдэн».

Партнёрскі матэрыял
На сайце тэлеканалу «Беларусь 1» апублікавалі навіну пра тое, што нямецкі парламент прагаласаваў за законапраект аб легалізацыі дзіцячай парнаграфіі. Журналісты «Зеркала» разабраліся, што не так з гэтай інфармацыяй.

Нататку пра легалізацыю дзіцячай парнаграфіі ў Нямеччыне апублікавалі 3 чэрвеня 2024 года. Інфанагоду «Беларусь 1» запазычыў у тэлеграм-канала «БайБайдэн». Яго аўтары ў пацвярджэнне прымацавалі да паведамлення скрыншот поста навінавага сайта Reduxx у сацсетцы Х.

«Парламент ужо прагаласаваў за законапраект, вылучаны групай педафілаў-актывістаў. Яны выступаюць за легалізацыю сексуальных адносін паміж дзецьмі і дарослымі, дазвол на здымку і прасоўванне дзіцячай парнаграфіі, а таксама зніжэнне ўзросту згоды. Захоўванне і распаўсюджванне порна з дзецьмі па новым законапраекце будзе лічыцца не злачынствам, а лёгкай правінай. Пакаранне за педафілію знізілі ўсяго да трох месяцаў турмы», — напісана на сайце «Беларусь 1».

Рашэнне Бундэстагу не дэкрыміналізуе дзіцячую парнаграфію. Камітэт па прававых пытаннях парламенту Нямеччыны 15 траўня 2024 года прыняў закон, які называецца «Распаўсюджванне, набыццё і захоўванне дзіцячага парнаграфічнага кантэнту». Яго праект прадставіў федэральны ўрад краіны. У дакуменце сказана, што за набыццё і захоўванне дзіцячай парнаграфіі можна атрымаць пакаранне ад трох месяцаў пазбаўлення волі. За распаўсюд — ад шасці месяцаў. 

Кваліфікаваць набыццё, захоўванне або распаўсюджванне дзіцячай парнаграфіі будуць як крымінальную правіну. Нюанс у тым, што па крымінальным кодэксе Нямеччыны, злачынства — гэта незаконныя дзеянні, за здзяйсненне якіх прадугледжана пазбаўленне волі не менш чым на адзін год. Крымінальная правіна — гэта таксама супрацьпраўнае дзеянне, але за яго здзяйсненне належыць штраф або пазбаўленне волі на тэрмін менш за год.

На сайце Бундэстагу гаворыцца, што ўрад ФРГ улічваў суадносіны цяжару ўчыненага злачынства і пакарання, якое можа быць за яго прызначанае. Гэтае рашэнне падтрымала канферэнцыя міністраў юстыцыі федэральных зямель Нямеччыны.

«У прыватнасці, людзі, якія атрымліваюць такія матэрыялы ненаўмысна — напрыклад, у рамках бацькоўскай групы WhatsApp, — рызыкуюць атрымаць мінімальны тэрмін у адзін год. Тое ж самае тычыцца і настаўнікаў, якія выявілі на мабільных тэлефонах вучняў матэрыялы з дзіцячай парнаграфіяй і пераслалі іх, каб папярэдзіць бацькоў», — распавёў міністр юстыцыі Нямеччыны Марка Бушманн. 

З улікам падобных выпадкаў закон было вырашана дапрацаваць і паменшыць мінімальны тэрмін пакарання.

Пакаранне за распаўсюд дзіцячай парнаграфіі ў камерцыйных мэтах або яе вытворчасць як і раней будзе жорсткім — можна пазбавіцца волі на тэрмін да 10 гадоў.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым

Іншыя Антыфэйкі / фактчэкі