Вынікі сацыяльнага апытання сярод беларускай моладзі 15 траўня 2025 года абмеркавалі ў праграме «Весткі не маўчаць» на ютуб-канале «Віцебскія весткі». Беларускі камітэт моладзевых арганізацый супольна з сацыёлагамі БДЭУ і НАН Беларусі апыталі каля 12 тыс. юнакоў і дзяўчат і высветлілі, што маладое пакаленне лічыць найвялікшай каштоўнасцю ў жыцці. Больш 70% апытаных на першае месца паставілі сям'ю. На другім месцы — здароўе, яго адзначылі звыш 36,5% рэспандэнтаў. Трэці радок сярод прыярытэтаў заняла кар'ера. Варыянты «асабістае шчасце» і «самаразвіццё» набралі заўважна менш.
Вядоўца Святаслаў Міхайлаў падкрэсліў, што каштоўнасці беларусаў адрозніваюцца ад заходніх еўрапейцаў:
«У якасці прыкладу прывядзём вынікі сацыяльнага апытання сярод моладзі Еўрапейскага звязу, якое праводзілася па замове Еўрапарламенту восенню 2024 года. Еўрапейскай моладзі задалі практычна такое ж пытанне як і нашай: што для вас важна і што больш за ўсё хвалюе. ... 40% маладых людзей занепакоеныя коштам жыцця. 29% лічаць важным сацыяльную абарону і медыцыну. Атрыманне прафесіі хвалюе 27%, а 33% вельмі перажываюць пра стан навакольнага асяроддзя. Як бачыце, сярод папулярных адказаў гаворка не ідзе пра сям'ю ці дзяцей. Усе важныя для маладых людзей Еўропы пытанні, якія хвалююць, ляжаць у выключна матэрыялістычным ключы».
У апытанняў, якія параўнаў вядоўца, былі розныя мэты. У беларускай моладзі спыталі, якія аспекты жыцця для яе найбольш важныя. У еўрапейскай — якія тры з пералічаных тэм павінны стаць прыярытэтнымі для ЕЗ у найбліжэйшыя 5 гадоў. То бок другіх спыталі не пра каштоўнасці. Гэта пытанне закрытага фармату — еўрапейцы маглі выбраць толькі з прапанаваных варыянтаў адказу. «Сям'і» і «дзяцей» сярод іх не было.
Калі судзіць пра каштоўнасць сям'і па міжнародных апытаннях, Беларусь знаходзіцца далёка не на вяршыні рэйтынгу. У рамках праграмы World Values Survey — міжнароднага сацыялагічнага даследавання, якое ахоплівае больш за 120 краін з 1980-х — апытанні праводзяцца кожныя пяць гадоў. Беларусь брала ўдзел у адным з іх у 2010-2014 гадах. Тады задавалі пытанне пра значнасць сем'і ў жыцці людзей. 88% апытаных беларусаў заявілі, што сям'я мае для іх вельмі вялікае значэнне. Гэта ніжэйшае за сярэднесусветны ўзровень — 91%. Ніжэй за Беларусь апынуліся, сярод іншых, Кітай, Нямеччына і Расея. Вышэй, напрыклад, Польшча і Украіна. Больш за ўсіх у свеце шануюць сям'ю ў гэтым апытанні катарцы і філіпінцы.