Аляксандр Лукашэнка прызначыў Аляксандра Турчына новым прэм'ер-міністрам Беларусі. Да гэтага ён займаў пасаду старшыні Менаблвыканкаму. Яго папярэднік на пасадзе Раман Галоўчанка перасеў у крэсла старшыні праўлення Нацбанку.
Гэтыя кадравыя перастаноўкі вядоўца стрыму «Азаронак. Наўпрост» Рыгор Азаронак 10 сакавіка 2025 года абмеркаваў з карэспандэнткай газеты «СБ. Беларусь сёння» Людмілай Гладкай. Яна нагадала, што Лукашэнка назваў прызначэнні выкананнем абяцання па ўвядзенні ў кіраўніцтва краіны маладога пакалення. Азаронак на гэта параўнаў беларускую палітычную сцэну з нямецкай — як адказ на тое, што «нам усё прыводзяць у прыклад Захад, Еўропу, дэмакратыю». Ён заявіў, што лідар партыі Хрысціянска-дэмакратычны саюз Нямеччыны (ХДС), якая ў саюзе з Хрысціянска-сацыяльным саюзам (ХСС) перамагла на парламенцкіх выбарах 2025 года, быў невядомым чалавекам.
«Хто ведаў гэтага Мерца, які цяпер узначаліў Нямеччыну? Хто яго месяц таму ведаў? Яго ніхто не ведаў, ён нафіг нікому не патрэбны быў. Усе глядзелі або [лідар "Саюзу Сары Вагенкнехт" Сара] Вагенкнехт будзе, або лібералы тыпу Шольца, або "Альтэрнатыва для Нямеччыны". Гэтага Мерца, ён быў проста ў бундэстагу нейкі клерк, чыноўнік. Але ён звязаны з [міжнароднай інвестыцыйнай кампаніяй] BlackRock амерыканскай. Усё, узялі, паставілі канцлерам. Ніхто ў немцаў ніякіх пытанняў не задаваў», — распавёў Азаронак.
Фрыдрых Мерц выйграў свае першыя выбары — у Еўрапарламент — у 1989 годзе, да падзення Берлінскага муру. У 2000 годзе яго абралі старшынём парламенцкай групы ХДС/ХСС, але праз два гады ён саступіў лідарства Ангеле Меркель. У 2009-м Мерц адышоў ад палітыкі і заняўся бізнесам. У 2018 годзе ён вярнуўся са спробай перамагчы ў выбарах на пасаду старшыні партыі. Палітыку ўдалося вярнуцца ў бундэстаг у 2022 годзе, а пасля ўзначаліць ХДС.
Хрысціянска-дэмакратычны саюз — адна з найбуйнейшых і самых уплывовых партый Нямеччыны, якую 18 гадоў узначальвала Ангела Меркель. Пры ёй ХДС амаль заўсёды перамагаў на выбарах у бундэстаг. Пасля сыходу Меркель хрысціянскія дэмакраты сышлі ў апазіцыю. Але Фрыдрых Мерц вярнуў партыі папулярнасць. Падчас выбараў у Еўрапарламент летам мінулага года блок ХДС/ХСС у Нямеччыне стаў лідарам. Пасля гэтага прамежкавыя палітычныя апытанні ў верасні 2024 года паказвалі высокую падтрымку кансерватараў.
У канцы 2024 года ў немцаў спыталі, каго б яны хацелі бачыць на пасадзе канцлера Нямеччыны. Найвышэйшы рэйтынг у кіраўніка ХДС Фрыдрыха Мерца — 28%. Да пачатку лютага 2025-га паказнік павялічыўся.