Расследуем карупцыю, выкрываем фэйкі, аналізуем навінавую павестку. БРЦ — чалец глабальнай сеткі журналістаў-расследавальнікаў.
Журналісты БРЦ – лаўрэаты нацыянальнай прэміі «Вольнае слова» Беларускай асацыяцыі журналістаў за расследаванні ў 2018, 2019, 2020, 2021 і 2022 гадах. На «Вольным слове» у 2021 годзе каманда БРЦ атрымала першае месца ў катэгорыі «Аналітыка».
БРЦ з'яўляецца чальцом OCCRP (Цэнтр па даследаванні карупцыі і арганізаванай злачыннасці)
Таксама мы чальцы GIJN (Глабальная сетка журналістаў расследавальнікаў)
Чый дрон заляцеў у Літву? Версія палітолага Пятроўскага разышлася з афіцыйнай
Госць перадачы «Азаронак. Наўпрост» заявіў, што лятальны апарат — украінскі.
У Літву заляцеў украінскі беспілотнік з выбухоўкай, расказаў у эфіры перадачы «Азаронак. Наўпрост» палітолаг Пётр Пятроўскі. Літоўскія службоўцы выказвалі іншую версію.
Магчымасць для Беларусі выступаць пляцоўкай для мірных перамоў з улікам яе суўдзелу ў агрэсіі супраць Украіны — гэту тэму 8 жніўня ў эфіры перадачы «Азаронак. Наўпрост» абмеркавалі яе вядоўца Рыгор Азаронак і палітолаг Пётр Пятроўскі. Апошні заявіў, што факты ракетных абстрэлаў з тэрыторыі нашай краіны напачатку поўнамаштабнай вайны не павінны гэтаму перашкодзіць, бо іншыя дзяржавы, якія прымалі ўдзел у вайсковых канфліктах, рабіліся пасярэднікамі «у шматлікіх перамовах». У якасці аргумента ён прывёў выяўлены ў Літве дрон.
«Нядаўна дрон прыляцеў у Літву. Як апынулася, украінскі дрон. Што кажа, што Літва — ахвяра ўкраінскай агрэсіі?» — задаў пытанне палітолаг.
Пятроўскі меў на ўвазе беспілотны лятальны апарат, які заляцеў на тэрыторыю Літвы з Беларусі пад канец ліпеня 2025 года. Гэта другі выпадак за апошні час. Усярэдзіне дрона выявілі выбухоўку, якую літоўскія вайскоўцы паспяхова абясшкодзілі. Пасля інцыдэнту Вільня звярнулася да NATO з просьбай дапамагчы ўмацаваць супрацьпаветраную абарону краіны.
Пры гэтым літоўскія ўлады не заяўлялі, што дрон, які прыляцеў да іх, — украінскі. Міністарка абароны Літвы Давіле Шакаленэ выказала падазрэнне, што беспілотнік — расейскі, бо звонку ён нагадвае расейскую «Герберу». Службоўка таксама заявіла, што апарат запусцілі з Расеі ва Украіну, але той трапіў у Літву, таму што яго дэзарыентавала ўкраінская абарона.