Антыфэйк / фактчэк 06 лютага

На беларускім радыё вайсковую кваліфікацыю некаторых жанчын назвалі першым крокам да іх прызыву ў армію

Каманда Weekly Top Fake разабралася ў нюансах.

«Польшча коціцца ў прорву», — такімі словамі абагульніў радыёвядоўца Рыгор Міцюшнікаў паведамленне, што ў польскую армію будуць прызываць і жанчын. Каманда Weekly Top Fake высветліла, адкуль узялі гэту інфармацыю і якія факты падмянілі.

Кантэкст: Польшча да канца 2026 года мае намер умацаваць амаль 40% памежнай лініі з Калінінградскай вобласцю і Беларуссю. У рамках праекту «Усходні шчыт» прадугледжана аднаўленне балотаў і тарфянішчаў, якія будуць служыць прыроднымі бар'ерамі.

Інфармацыя пра прызыў жанчын у польскую армію прагучала 29 студзеня ў праграме «Экспертны клуб. Палітычнае радыё-шоу» ў эфіры Першага нацыянальнага каналу Беларускага радыё. 

«Як пішуць польскія медыі, зараз павесткі будуць атрымліваць не толькі мужчыны, але і дзяўчаты. Гаворка пакуль ідзе пра так званую вайсковую кваліфікацыю — гэта медагляд і праверка дакументаў для пастаноўкі на вайсковы ўлік. Фармальна яшчэ не прызыў, але фактычна — першы крок да яго. Улады Польшчы мараць стварыць самую вялікую армію ў Еўразвязе: спачатку 300 тысяч чалавек, потам паўмільёна. Але ахвотных служыць сярод палякаў амаль няма. Таму зараз у армію прымусова спрабуюць уцягнуць і жанчын», — паведаміў вядоўца Рыгор Міцюшнікаў.

Насамрэч вядоўца зачытаў навіну, апублікаваную News.by. У польскіх медыях з нагоды прызыву іншая інфармацыя. У краіне ў 2026 годзе сапраўды пройдзе вайсковая кваліфікацыя — вызначэнне прыдатнасці да службы і пастаноўка на ўлік. Яна будзе рэкорднага маштабу: павесткі атрымаюць не толькі мужчыны, але і жанчыны. Яўка абавязковая, інакш пагражае штраф. Аднак закране гэта не ўсіх жанчын. 

Гаворка ідзе пра групу 1999—2007 гадоў нараджэння, якія атрымалі ці цяпер атрымліваюць карысную для арміі прафесію: медык, ветэрынар, псіхолаг, перакладчыца, IT-спецыялістка, прафесіі марскіх і авіяцыйных кірункаў.

Пастаноўка на вайсковы ўлік жанчын — гэта не польскае вынаходства. У Беларусі такое таксама практыкуюць у дачыненні да прадстаўніц пэўных прафесіяў. Але калі ў Польшчы кваліфікацыя праходзіць раз на год і ахоплівае жанчын невялікага ўзроставага дыяпазону, то ў Беларусі ўлік ідзе ўвесь час — пасля атрымання адпаведнай спецыяльнасці жанчыны (галоўным чынам гэта медыкі) з 19 гадоў аўтаматычна становяцца на сталы вайсковы ўлік.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
«Урзуля фон дэр Ляен напэўна прысела». На тэлеканале «Брэст» выдалі старое інтэрв’ю Петэра Мадзяра за новую палітычную сенсацыю
Антыфэйк / фактчэк «Урзуля фон дэр Ляен напэўна прысела». На тэлеканале «Брэст» выдалі старое інтэрв’ю Петэра Мадзяра за новую палітычную сенсацыю
Вядоўца Ала Грыгарчук заявіла, што новы прэм’ер Вугоршчыны нядаўна прапанаваў Віктару Орбану ўзначаліць Еўракамісію.
11 мая 2026 Чытаць
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць