Антыфэйк / фактчэк 03 чэрвеня

На БТ істэрыю Захаду праз вучэнні Беларусі і Расеі пацвердзілі загалоўкамі артыкулаў на польскай і літоўскай мовах. Мы пераклалі іх

Вучэнні саюзнай дзяржавы «Захад — 2025» плануюць правесці ў верасні.

Вядоўца «Беларусь 1» Ганна Літаш распавяла, як Заходняя Еўропа баіцца вучэнняў Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі «Захад — 2025». Яе словы ў кадры суправадзілі загалоўкамі артыкулаў з польскіх і літоўскіх медыяў. Каманда Weekly Top Fake пераклала, што насамрэч у іх напісана.  

16 траўня 2025 года ў Менску прайшла сустрэча міністраў абароны Беларусі і Расеі. Службоўцы абмеркавалі вучэнні «Захад — 2025», якія плануюць правесці ў Беларусі ў верасні. Па іх словах, у мерапрыемстве возьмуць удзел больш за 13 тыс. вайскоўцаў, якія адпрацуюць адбіццё агрэсіі супраць Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі. 

Вядоўца Ганна Літаш у перадачы «Па форме» на тэлеканале «Беларусь 1» 19 траўня заявіла, што заходнія краіны баяцца гэтых вучэнняў: 

«Істэрыя ў палітычных і вайсковых колах Еўропы працягваецца. Адной з галоўных тэм дня па-ранейшаму застаюцца беларуска-расейскія вучэнні “Захад — 2025”. У заходняй прэсе раз-пораз мільгаюць загалоўкі пра запланаваны напад арміі Саюзнай дзяржавы на краіны Усходняй Еўропы». 

У пацвярджэнне словаў вядоўцы ў кадры паказалі загалоўкі заходніх выданняў, якія нібыта паведамляюць пра напад, які рыхтуецца, — на літоўскай і польскай мовах. Што менавіта там напісана, гледачы маглі не зразумець. Журналісты праекту Weekly Top Fake пераклалі іх. 

«Польшча адрэагавала на запланаваныя расейска-беларускія вучэнні: будзе праводзіць маштабныя манеўры разам з NATO — перакладаецца адзін з пададзеных загалоўкаў з польскай мовы. «Манеўры “Захад — 2025”. Што плануюць Пуцін і Лукашэнка?» — напісана ў другім. «У Беларусі рыхтуюцца буйныя вучэнні. Чалавек Лукашэнка раскрывае дэталі» — сказана ў трэцім. Напад на суседзяў у іх не згадваецца.

Нічога пра гэта каманда WTF не знайшла і ў саміх артыкулах. Напрыклад, літоўская газета Alpha цытуе словы міністра абароны Беларусі пра вучэнні і паведамляе, што генеральны сакратар NATO на пытанне журналістаў, ці застануцца расейскія войскі на тэрыторыі Беларусі пасля вучэнняў, адказаў, што ў яго няма інфармацыі, якой ён мог бы падзяліцца. 

«Літоўскія вайскоўцы сцвярджаюць, што не бачаць ніякіх дадатковых вайсковых пагроз для Літвы падчас вучэнняў “Захад — 2025”. Хоць, як і калісьці, галоўнай пагрозай сёлета стане рызыка ненаўмысных інцыдэнтаў, якая ўзрасла», — піша выданне.

Іншая газета — Lietuvos rytas — цытуе ў сваім артыкуле намесніка міністра абароны Польшчы, які не лічыць, што гэтыя вучэнні пагражаюць яго краіне. То бок публікацыі, якія прывялі ў пацвярджэнне словаў Ганны Літаш пра заходнюю істэрыю, паказваюць, што істэрыі няма. 

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць