Дэталі сустрэчы Доналда Трампа і Уладзіміра Зяленскага на Генасамблеі ААН у Нью-Ёрку на тэлеканале АНТ раскрылі 24 верасня. У сюжэце заявілі, што прэзідэнт ЗША выдзеліў украінскаму калегу ўсяго 7 хвілін:
«Дарэчы, пра Украіну. Ізноў сустрэча Трампа з Зяленскім. Толькі ўжо на палях Генасамблеі — Кіеў напрасіўся. Яна была кароткай — усяго 7 хвілін. Адна з тэм — гарантыі бяспекі, якіх дамагаецца Кіеў».
Каля 7 хвілін доўжыўся прэсавы брыфінг перад сустрэчай. Самі перамовы, па паведамленнях медыяў, ішлі ў раёне гадзіны. Пра гэта паведамілі расейская Газета.Ru, Deutsche Welle і сайт таго ж АНТ са спасылкай на расейскія «Известия».
Яшчэ адзін фэйк пра Уладзіміра Зяленскага 25 верасня агучыў Рыгор Азаронак у стрыме «Азаронак. Наўпрост». Ён назваў украінскія медыі «вартымі жалю, тупымі ганебнікамі» і звінаваціў іх у падробцы відэа з выступу прэзідэнта на Генасамблеі ААН:
«І нават падмалявалі, можам паглядзець фотачкі, падмалявалі людзей потым з дапамогай нейронкі, тыпу, яго сядзіць, значыць, усе сусветная супольнасць [слухае]. Вось гэта рэальная фотка, вы бачыце, што больш за палову залы пустая, можна па пальцах пералічыць, значыць, людзей, якія там слухаюць. І наступная фотка, вось тое, што яны зрабілі ў сябе на УНИАНе нейрасеткай».
На гэтых словах паказалі фрагмент відэа, зробленага ў зале, дзе выступіў Уладзімір Зяленскі. Усе месцы ў ім заняты.
Пост з падобным зместам у сацсетцы Х апублікаваў ірландскі журналіст, які жыве ў Маскве, Чэй Боўз:
«Украінскае дзяржаўнае тэлебачанне “запоўніла” напалову пустую залу ААН для выступу наркафюрэраў у Нью-Ёрку».
На відэа, якое паказаў Рыгор Азаронак, заблюраны лагатып тэлеканалу. На старонцы ў Боўса бачны лагатыпы ўкраінскага каналу «1+1» і тэлемарафону «Адзіныя навіны».
Каманда WTF знайшла запіс наўпроставай трансляцыі выступу Зяленскага ў тэлемарафоне за 24 верасня. На відэа — тыя ж лагатыпы каналу, тая ж зала, толькі выглядае інакш: у ёй шмат вольных месцаў. 25 верасня ў тэлемарафоне сюжэт з выступам Зяленскага паказалі зноў, у залі ўсё гэтак жа былі пустыя месцы.