Антыфэйк / фактчэк 21 ліпеня

«ЖС Premium» выдаў новыя пратэсты ў Літве за старыя і перакруціў іх прычыну

Аўтары тэлеграм-каналу схавалі, што пратэстоўцы патрабавалі адстаўкі прэм'ера.

Беларускі тэлеграм-канал «ЖС Premium» паведаміў, што да пратэсту фермераў у Літве нібыта далучыліся звычайныя грамадзяне. Гэта сцвярджэнне суправадзілі фотаздымкамі. Каманда Weekly Top Fake праверыла, хто адлюстраваны на здымках, і высветліла: яны не звязаныя ні з фермерамі, ні з іх пратэстам. 

Літоўскія фермеры пратэставалі ў канцы чэрвеня 2025 года — супраць падатковай рэформы. Гэты пратэст скончыўся перамогай: Сойм Літвы зменшыў для іх памер падаходнага падатку. Каманда WTF выкрыла фэйк «ЖС Premium» на гэту тэму. 

Аднак аўтары таго ж тэлеграм-каналу 8 ліпеня паведамілі, што пратэсты працягваюцца і да іх далучыліся і простыя грамадзяне:

«Патрабаванняў — досыць шмат. У іх ліку просьба перагледзець падатковую рэформу, на якую краіна пайшла з беднаты. Патрэбныя грошы на абарону, а ўзяць іх апроч як за кошт падвышэння межаў фіскальнай жорсткасці няма дзе. Таксама народ турбуюць праблемы свабоды слова ў медыях і міграцыйнае пытанне», — сказана ў посце. Да яго прымацавалі фота нібыта з гэтай акцыі.

Журналісты Weekly Top Fake праверылі гэтыя здымкі. Яны сапраўды зроблены ў Вільні, але ніякага дачынення да пратэсту супраць падатковай рэформы не маюць. Гэта — мітынг супраць прэм'ер-міністра Гінтаўтаса Палуцкаса. Яго нагодай стала супольнае расследаванне літоўскіх цэнтру расследавальніцкай журналістыкі Siena і незалежнага інтэрнэт-каналу Laisvės TV пра магчымы ўдзел палітыка ў карупцыйных схемах. 

Гэта пацвярджае, напрыклад, загаловак матэрыялу на сайце літоўскага нацыянальнага транслятара LRT: «Некалькі тысяч чалавек пратэстуюць супраць бізнес-сувязяў прэм'ер-міністра Літвы». 

Пратэстоўцы сапраўды патрабавалі свабоды слова і ўзмацнення абароны. Але асноўнае іх патрабаванне — каб прэм'ер прызнаў сваю адказнасць за палітычныя скандалы і пайшоў у адстаўку. 

Аўтары «ЖС Premium» не толькі няправільна паказалі гэтыя падзеі, але і апусцілі кантэкст. У расследаванні літоўскіх журналістаў згадваецца беларускі бізнесовец Аляксей Алексін — фігурант санкцыйнага спісу ЕЗ і адзін з галоўных «гаманцоў» Аляксандра Лукашэнкі. Расследавальнікі не заяўляюць наўпрост пра яго сувязь з літоўскімі ўладамі, але паказваюць на падазронае супадзенне: кампанія, звязаная з Алексіным, зарэгістравана па адрасе пражывання прэм'ер-міністра Літвы.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць