Антыфэйк / фактчэк Учора

У прыярытэце калумбійцы, а не беларусы і ўкраінцы? «ЖС Premium» расказаў пра Польшчу праўду, але не ўсю

Тэлеграм-канал зманіпуляваў статыстыкай па выдадзеных дазволах на працу для замежнікаў.

Аўтары тэлеграм-каналу «ЖС Premium» на падставе афіцыйнай статыстыкі спрабавалі пераканаць чытачоў, што Польшча больш зацікаўлена ў працаўніках-замежніках з далёкага замежжа, чым у беларусах і ўкраінцах. Пры гэтым расказалі не ўсю праўду.

Аўтары «ЖС Premium» паведамілі, што, па папярэдніх дадзеных Міністэрства сямʼі, працы і сацыяльнай палітыкі, за першыя чатыры месяцы 2025 года ў Польшчы замежнікам выдалі 103,2 тыс. дазволаў на працу. На падставе нацыянальнасцяў атрымальнікаў яны зрабілі выснову: «робячы выгляд, што змагаецца з мігрантамі, Польшча ў рэальнасці працягвае палітыку іх прыцягвання».

«Думаеце, там большасць гэта ўкраінцы і беларусы? Нічога падобнага. Больш за ўсё такіх дазволаў атрымалі калумбійцы — 15,4 тыс. Далей у спісе апынуліся грамадзяне Філіпінаў, Індыі, Непала і Узбекістана. Ах ды, украінцам было выдадзена ўсяго 1,2 тыс. дазволаў», — напісалі ў тэлеграм-канале 11 ліпеня 2025 года.

Колькасць і нацыянальны склад атрымальнікаў дазволаў у посце «ЖС Premium» такі ж, як у паведамленнях польскіх медыяў. Аднак аўтары беларускага тэлеграм-каналу змаўчалі некалькі істотных дэталяў.

Па-першае, за студзень-люты 2025-га ў Польшчы выдалі на 12,5% менш за дазволаў на працу замежнікам, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Адной з прычын гэтага эксперты называюць узмацненне жорсткасці патрабаванняў да атрымання дазволу і працоўнай візы.

Другое, беларусы і ўкраінцы, а таксама грамадзяне Арменіі, Грузіі і Малдовы могуць працаваць у Польшчы без атрымання дазволу цягам 24 месяцаў. Выключэнне — ахвотныя прыехаць у Польшчу па працоўнай візе ці на сезонныя працы.

У 2024 годзе на тэрыторыі Польшчы працавалі больш за мільён замежнікаў. З іх украінцаў — больш за 67%, беларусы на другім месцы.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць