Расследаванне пра дэзынфекцыю, якая не затрымлівае інфекцыі і вірусы, але штодня генеруе дзясяткі тысяч рублёў.

Абавязковая платная дэзынфекцыя транспарту на беларускай мяжы прыносіць мільёны прыватнай фірме. Пры гэтым, паводле эксперта, працэдура не здольная стрымаць распаўсюд небяспечных вірусаў і інфекцыяў. БРЦ разабраўся, хто і як ператварыў дзяржаўную функцыю ў прыбытковы бізнес, грошы ад якога папаўняюць гаманец «гаманца» Аляксандра Лукашэнкі.

Прымітыўная пародыя на дэзынфекцыю 

Два рублі за кожны аўтамабіль, 30 рублёў за аўтобус і 120 — за грузавік. Такія тарыфы на дэзынфекцыю на момант публікацыі дзеюць для транспартавых сродкаў, што ўязджаюць у Беларусь. Платная і абавязковая дэзынфекцыя — не перыядычная, а сталая захада — гэта ўнікальная працэдура пры перасячэнні мяжы. Хоць у ЕЗ і ўводзілі падобныя: у Балгарыі летась — у адказ на сполах захворванняў рагатай жывёлы, на чэшскай і сербскай мяжы сёлета — з нагоды небяспекі эпідэміі яшчуру, але гэта былі часовыя захады. Расея і Украіна не маюць на сваіх межах абавязковага і платнага эпідэміялагічнага кантролю, хаця пакідаюць за сабою права пры патрэбе падобную працэдуру ўвесці.

Беларуская станцыя дэзынфекцыі — гэта кароткі тунэль на дарозе за памежным кантролем. Аўтамабіль праязджае праз рамку, датчыкі аўтаматычна актывуюць распыляльнікі, якія апырскваюць машыну дэзынфекцыйным растворам пад ціскам. Кіроўца павінен перад заездам зачыніць вокны і адключыць вентыляцыю салона, заставацца ў машыне падчас апрацоўвання. Працэс доўжыцца каля 10 секунд. Для негабарытнай тэхнікі прадугледжаны асобны праезд: такія машыны апрацоўваюць часткова ўручную.

Гэты метад не мае сэнсу, ацаніў беларускае ноў-хаў у каментары БРЦ хімік-фармацэўт Сяргей Бесараб: 

«Эфектыўнасць любой дэзынфекцыі рэзка зніжаецца пры наяўнасці арганічных забруджванняў (бруд, перагной, рэшткі раслін). <...> Вірусы, асабліва ўстойлівы АЧС (афрыканская чума свіней — рэд.), таксама знаходзяцца менавіта ў кавалках бруду на колах і пад крыламі аўтамабіляў. Таму на рэжымных аб'ектах увагу надзяляюць у першую чаргу апрацоўцы колаў, машыны праязджаюць праз спецыяльныя канавы-дэзбар'еры. Простае апырскванне бруднай машыны на хаду — гэта пародыя на дэзынфекцыю, прытым пародыя прымітыўная, разлічаная на інфантыльных малаадукаваных гледачоў. Такі падыход у прынцыпе не гарантуе кантакту дэзынфектанта з узбуджальнікам». 

Афіцыйная мэта апырсквання — не дапусціць распаўсюду ў нашай краіне ўзбуджальнікаў заразных захворванняў чалавека і жывёлы. Так напісана ва ўказе «Аб абавязковай дэзынфекцыі транспартных сродкаў», які ў красавіку 2022 года падпісаў Аляксандр Лукашэнка. Там жа гаворыцца, якая кампанія мае гэта забяспечыць. 

Чыя дзялянка

Будаўніцтва адмысловых стацыянарных станцыяў дэзынфекцыі даручылі фірме ТАА «БелГлобалГарант». Кампанію прызначылі аператарам, адказным за этапнае ўзвядзенне і эксплуатацыю дэзбар’ераў, а таксама за стварэнне электроннай сістэмы ўліку абавязковых аплатаў. Паводле ўказу Лукашэнкі, «БелГлобалГарант» павінна фінансаваць пабудову ўсіх аб’ектаў за ўласны кошт, а вяртаць выдаткі — праз збор аплаты за дэзынфекцыю на мяжы.

За «БелГлобалГарант» стаіць асабісты трэнер Аляксандра Лукашэнкі па тэнісе і ягоны «гаманец» Сяргей Цяцерын. У чэрвені 2021 года ЕЗ увёў супраць яго персанальныя санкцыі. За некалькі тыдняў да гэтага Цяцерын выйшаў са складу заснавальнікаў кампаніі — такім чынам «БелГлобалГарант» пазбег еўрапейскіх абмежаванняў. [*] [*] Аднак ужо ўвесну наступнага года ў кампаніі стварылі новы орган упраўлення — раду дырэктараў. [*] Амаль адразу ў яе ўвайшоў і сам Сяргей Цяцерын, захаваўшы ўплыў на дзейнасць фірмы. [*] [*] [*] [*] Цяпер кіроўцы ў тым ліку з еўрапейскіх краінаў, што ўвялі супраць яго санкцыі, аплочваюць праезд праз беларускую мяжу кампаніі «гаманца» Лукашэнкі. 

Да будовы станцыяў дэзынфекцыі да «БелГлобалГаранту» далучыўся ЗАТ «Белзамежбуд», у 2022 годзе пераназваны ў ЗАТ «ВіяСЭТрэйд». [*] Гэтая кампанія прынамсі з 2007 па 2022 гады была звязаная з іншым набліжаным да беларускіх уладаў бізнесоўцам — Віктарам Шаўцовым (летам 2024-га, пасля выхаду расследавання БРЦ пра яго манаполію на выраб ахоўных галаграм, бізнесовец трапіў пад санкцыі Еўразвязу і Швейцарыі за атрыманне «выгады з рэжыму Лукашэнкі»). Ён кантраляваў фірму праз сваё ЗАТ «Банк “Рашэнне”». «Белзамежбуд» меўся распрацаваць праект станцыяў дэзынфекцыі. 

Сам Віктар Шаўцоў у адказе на наш ліст прызнаў, што «Белзамежбуд» («ВіяСЭТрэйд») займаўся распрацоўкай праектнага рашэння камераў дэзынфекцыі, і нават падаў суму кантракта — 25 тыс. рублёў ($9,7 тыс.). Пры гэтым бізнесовец падкрэсліў, што ўсе далейшыя працы ажыццяўлялі іншыя кампаніі.

Пырскамі па бактэрыях і вірусах

Усяго праз месяц ад указу Лукашэнкі Савет Міністраў зацвердзіў графік будаўніцтва і ўводу ў эксплуатацыю першых станцыяў дэзынфекцыі. Аплаты пачалі збіраць у верасні 2023 года. Так нарадзіўся манапаліст: «БелГлобалГарант» — гэта адзіная прыватная фірма, што пабірае абавязковыя аплаты на мяжы за такі від дзейнасці. 

Сумнеўны метад і імаверная карупцыя — гэта не ўсе праблемы, якія БРЦ выкрыў пад час працы над гэтай тэмай. Хімік Сяргей Бесараб звярнуў нашую ўвагу на сродак, які ўжываюць для дэзынфекцыі аўтаў на мяжы. Для апрацоўвання транспарту выкарыстоўваюць 0,5% водны раствор «Юнідэз-1», які ўтрымлівае альдэгід (гліяксаль) і чацвярцічны амоній. Паводле інструкцыі ўжывання, гэта сертыфікаваны дэзынфектант ветэрынарнага прызначэння, бяспечны для металічных частак аўто і для людзей у рэкамендаванай канцэнтрацыі. Бесараб падкрэслівае, што ў лабараторных умовах гэты сродак пакажа безумоўную эфектыўнасць, іншая справа — падчас хуткага апрацоўвання пырскамі.

«Агулам, выкарыстоўваюцца тэарэтычна эфектыўныя, лабараторна валідаваныя хімічныя кампаненты, але ўжываюцца яны метадам, які амаль цалкам нівеліруе іх магчымую карысць. Гэта стварае ўражанне прыняцця важных мер па біялагічнай бяспецы, аднак рэальны эпідэміялагічны ўплыў імкнецца да адмоўных лічбаў. Асноўны эфект ад дадзенай працэдуры — гэта рэгулярны збор аплаты з абсалютна капеечнымі грашовымі выдаткамі на стварэнне імітацыі. Залатая жыла. Аблілі машыну ўмоўна кажучы амаль вадой, сабралі грошы, profit!»

Мы паспрабавалі ацаніць гэты прафіт. Паводле дадзеных Памежнага камітэту, пункты пропуску на мяжы з Польшчай, Літвой і Латвіяй могуць штодня прапускаць да 710 аўтобусаў, больш за 14 тыс. легкавікоў і амаль 7000 грузавых машын. У такім выпадку, паводле актуальных тарыфаў, кошты дэзынфекцыі могуць сягаць 862 тыс. рублёў (амаль $280 тыс.) на дзень. Гэты падлік грунтуецца на максімальнай магчымасці памежных пунктаў. У папярэднія гады беларуская памежная служба агучвала гадавыя аўтамабільныя плыні ў 7-8 разоў меншыя, чымся прапускная здольнасць пунктаў пропуску.

Мы адправілі запыты з просьбай пракаментаваць манаполію прыватнага бізнесу на беларускай мяжы ў «БелГлобалГарант», «ВіяСЭТрэйд» і Памежны камітэт Беларусі. Адказаў на момант публікацыі не атрымалі, але, калі атрымаем, абавязкова іх апублікуем. 

Іншыя Расследаванні
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць