Якія IT-актывы звязаны з алігархам Аляксандрам Зайцавым?

Новае

Якія IT-актывы звязаны з алігархам Аляксандрам Зайцавым?

Мы знайшлі адно цікавае супадзенне. Як нам стала вядома, яшчэ ў 2020 годзе таварны знак «Белкосмас» быў зарэгістраваны ў Беларусі на імя Аляксандра Мікалаевіча Зайцава. Яго поўны цёзка з'яўляецца саўладальнікам «Брэміна-груп» і трапіў пад санкцыі ЕЗ і ЗША як «гаманец» Лукашэнкі.

Ёсць у беларускім рэестры і фірма ТАА «Касмічнае агенцтва «Белкосмас». Яна вядзе дзейнасць у галіне кампʼютарнага праграмавання. Цяпер Зайцаў дэ-юрэ ўжо не зʼяўляецца саўладальнікам фірмы, але супрацоўнік «Касмічнага агенцтва» пацвердзіў нам, што ўскосна ён яшчэ ўплывае на справы кампаніі. Гэты ж супрацоўнік пацвердзіў нам, што фірма вяла перамовы з Нацыянальнай акадэміяй навук аб супрацоўніцтве ў пачатку гэтага года.

Аляксандр Зайцаў. Фота: TUT.BY

Папярэднія ўладальнікі і кіраўнікі ТАА «Касмічнае агенцтва «Белкосмас» таксама афіляваныя з Зайцавым і «Брэміна-груп». Так, з 2017 па 2019 ім кіраваў Андрэй Васільевіч Дземянцей – сын Васіля Дземянцея, былога намесніка старшыні КДБ і кіраўніка «Брэміна-груп». А з 2015 – 2019 саўладальнікам «Касмічнага агенцтва «Белкосмас» быў Філіп Баранаў, былы кіраўнік кампаніі «Кідма тек», якой Зайцаў валодаў праз сваю эмірацкую кампанію SOHRA Overseas FZE.

Офіс кампаніі «Белкосмас» да сярэдзіны восені мінулага года знаходзіўся па адрасе Няміга 40. Па гэтым жа адрасе былі «прапісаныя» такія вядомыя кампаніі «гаманцоў» Лукашэнкі як Глабалкастам, звязаная з Віктарам Шэйманам, ННК Мікалая Вераб'я і SOHRA Аляксандра Зайцава.