Навіны

21 сакавіка 2023

Байцы ПВК «Вагнэр» маглі мець дачыненне да нападу на кітайскіх працоўных у ЦАР? Эксперт лічыць, што матывы ў прыгожынцаў былі

Група «Вагнэр» здзейсніла амаль палову гвалтоўных дзеянняў супраць шахцёраў у апошнія гады.

Байцы прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр» маглі мець дачыненне да нападу на шахту Чымбала ў ЦАР, дзе працавалі кітайскія гарнякі. Такое меркаванне Беларускаму расследавальніцкаму цэнтру выказаў спецыяліст па даследаваннях у Афрыцы «Праекту дадзеных аб месцазнаходжанні і падзеях узброеных канфліктаў» (ACLED) Лэд Серват.
Узброены мужчына глядзіць на жанчыну, якая прамывае золата на рудніку Ндасіма, Цэнтральнаафрыканская рэспубліка
Крыніца: Siegfried Modola / Reuters / Forum / Узброены мужчына глядзіць на жанчыну, якая прамывае золата на рудніку Ндасіма, Цэнтральнаафрыканская рэспубліка

Паводле эксперта, дадзеныя ACLED сапраўды паказваюць, што група «Вагнэр» здзейсніла амаль палову гвалтоўных дзеянняў супраць шахцёраў у апошнія гады.

«Улічваючы паведамленні аб цікавасці групы «Вагнэр» да горназдабыўчага сектару і магчымасці выкарыстання гвалту для выцяснення іншых узброеных груп са стратэгічных тэрыторый, гэта можа служыць асноўным матывам. Што тычыцца размяшчэння шахты, ACLED зафіксаваў некалькі ўзброеных фармаванняў, якія дзейнічаюць у Бамбары на працягу апошняга года, уключаючы паўстанцаў, ваенныя сілы і групу «Вагнэр», – кажа эксперт.

Пры гэтым Серват не выключае, што ў гэтым таксама маглі быць замяшаныя паўстанцы, якія першымі абвінавацілі «Вагнэр» у тым, што здарылася.

«Кааліцыя патрыётаў за перамены (група паўстанцаў) ужо выпусціла заяву, дзе адмаўляе датычнасць, але гэта не выключае такой магчымасці. Паўстанцы і іншыя ўзброеныя групы таксама здзяйснялі некаторыя напады на гарнякоў сярод грамадзянскага насельніцтва», – адзначае Серват.

Даследчык узброеных канфліктаў у Афрыцы мяркуе, што пакуль складана рабіць высновы аб тым, хто менавіта здзейсніў напад на гарнякоў у Цэнтральнаафрыканскай рэспубліцы, паколькі вядомыя толькі некаторыя дэталі здарэння. Пры гэтым мінулы досвед паказвае, што здзейсніць гэты напад магла і тая, і іншая група.

Напад на шахту Чымбала за 25 км ад Бамбары адбыўся каля 5-ай раніцы 19 сакавіка. На той момант кітайскія гарнякі займаліся золатаздабычай на гэтым радовішчы толькі некалькі дзён. У выніку загінулі 9 працоўных. Улады Кітаю заклікалі расследаваць здарэнне і пакараць вінаватых. Пасольства Кітаю ў ЦАР нават апублікавала заяву з просьбай пакінуць краіну з-за небяспечнай абстаноўкі.

Мы паспрабавалі звязацца з заснавальнікам ПВК «Вагнэр» Яўгенам Прыгожыным, каб даведацца, ці сапраўды яго байцы напалі на гарнякоў. Аднак ягоная прэс-служба нам не адказала.

Іншыя Навіны