Навіны

28 чэрвеня 2023

Судзім за нявыплату аліментаў, служыў у спецназе МУС Беларусі. Што вядома пра найміта ПВК «Вагнэр» з пазыўным «Брэст»

У кнізе «Беларускі Данбас» Кацярыны Андрэевай і Ігара Ільяша расказваецца, як у 2015 годзе Бергавін апынуўся на Данбасе.

У сераду, 28 чэрвеня, у звязаным з ПВК «Вагнэр» тэлеграм-канале Grey Zone зʼявіўся зварот «беларуса» з пазыўным «Брэст», які расказаў, што частка наймітаў зараз будуць «працаваць» у Беларусі. БРЦ апазнаў байца і сабраў усё, што пра яго вядома.

На кадрах – 42-гадовы беларус Аляксей Бергавін. Як вынікае з атрыманых намі ад «Кіберпартызан» звестак, да 2010 года ён у званні лейтэнанта служыў камандзірам узвода ў менскай вайсковай часткі 3214. Менавіта спецназ гэтай часткі жорстка разганяў пратэстоўцаў у сакавіку 2006-га і жніўні 2020 гадоў. Званне пацвярджаюць і знойдзеныя намі фатаграфіі з сацсетак, дзе на пагонах у Бярговіна дзве зоркі.

Крыніца: БРЦ

Пасля сыходу з узброеных сілаў Бергавін нейкі час працаваў у кампаніі «Люксдорс», якая займалася продажам будматэрыялаў. Затым – да 2014 года – мяркуючы па адкрытаму індывідуальнаму прадпрымальніцтву, спрабаваў займацца бізнесам.

У кнізе «Беларускі Данбас» Кацярыны Андрэевай і Ігара Ільяша расказваецца, што ў 2015 годзе Бергавін апынуўся на Данбасе. На вайну ён паехаў пасля сваркі з былой жонкай. Паводле яго слоў, ва Украіне ён хацеў «аддаць доўг людзям, фашыстам і Радзіме».

Сваркі з жонкай, верагодна, маглі быць звязаныя з нявыплатай аліментаў на ўтрыманне двух непаўналетніх дзяцей. БРЦ выявіў, што Бергавін быў судзімы за нявыплату аліментаў. У сувязі з гэтым яму нават быў забаронены ўезд у Расею.

Да 2019 года Бергавін зʼяўляўся на мерапрыемствах краснадарскага «баявога братэрства» – праўладнай арганізацыі, якая абʼядноўвае ветэранаў узброеных канфліктаў. На фатаграфіях ён часта знаходзіцца разам з Дзянісам Рудэнкам – кіраўніком мясцовага фонду сацыяльнай падтрымкі людзей з інваліднасцю і ветэранаў. У сацсетках мы выявілі больш за дзесяць іх сумесных фатаграфій.

Журналіст БРЦ звязаўся з Рудэнкам, ён пацвердзіў, што ведае гэтага чалавека, але адмовіўся назваць імя і ўдакладніць якія-небудзь падрабязнасці. Пры гэтым Рудэнка згадаў, што Бергавін зʼяўляецца інструктарам ПВК «Вагнэра».

Пра тое, што Бергавін як мінімум у 2017-м годзе знаходзіўся ў Краснадарскім краі, у сваёй кнізе пішуць і Андрэева з Ільяшам. Менавіта тады, па версіі аўтараў, Бергавін і ўступіў у ПВК «Вагнэр».

У 2019 годзе СБУ сцвярджала, што Аляксей Бергавін у складзе ПВК «Вагнэр» знаходзіўся ў краінах Афрыкі, у тым ліку ў Судане, ЦАР і Лівіі.

Іншыя Навіны