Навіны

28 сакавіка 2023

«Ды што страшнага? Жывіце спакойна». Міністэрства абароны аб размяшчэнні расейскай ядравай зброі на тэрыторыі Беларусі

Афіцыйны Менск толькі праз тры дні пасля заявы Уладзіміра Пуціна пацвердзіў гэтую інфармацыю.

«Уся інфармацыя ў сродках масавай інфармацыі афіцыйна будзе апублікаваная. Ды што страшнага? Жывіце спакойна, нічога не бойцеся. Што небяспечна? – сказалі ў Мінабароны Беларусі, куды мы патэлефанавалі як занепакоеныя грамадзяне пасля заявы МЗС аб тым, што ядравую зброю Расея размесціць у Беларусі без перадачы кантролю над ёй.

Афіцыйны Менск толькі праз тры дні пасля заявы Уладзіміра Пуціна аб размяшчэнні на тэрыторыі Беларусі расейскай ядравай зброі і будаўніцтве сховішча для тактычнай ядравай зброі, пацвердзіў гэтую інфармацыю.

Заяву апублікавала МЗС Беларусі. У сваім каментары на запыт расейскага дзяржагенцтва ТАСС, дыпведамства адзначыла, што размяшчэнне ядравых боезарадаў на тэрыторыі Беларусі без перадачы Менску кантролю за імі, а таксама доступу да адпаведных тэхналогіяў, ніякім чынам не супярэчаць міжнародным дамоўленасцям.

«Беларусь робіць вымушаныя дзеянні ў адказ па ўмацаванні ўласнай бяспекі і абараназдольнасці. Ваеннае супрацоўніцтва Беларусі і Расеі ажыццяўляецца ў строгай адпаведнасці з міжнародным правам. Навучанне беларускіх пілотаў, здольных кіраваць самалётамі са спецыфічнымі боепрыпасамі, мадэрнізацыя такіх самалётаў, роўна як і размяшчэнне ядравых боезарадаў на тэрыторыі Беларусі без перадачы Менску кантролю за імі, а таксама доступу да адпаведных тэхналогіяў, ніякім чынам не супярэчаць палажэнням артыкулаў I і II ДНЯЗ (Дагавор аб нераспаўсюджанні ядравай зброі)», – гаворыцца ў паведамленні МЗС.

Пры гэтым у беларускім МЗС абмяркоўваць гэтае пытанне са звычайнымі грамадзянамі адмовіліся.

«Гэтае пытанне ў кампетэнцыі Мінабароны, таму, калі вы хочаце гэта з кімсьці абмеркаваць, то вам трэба непасрэдна з імі размаўляць», – заявілі нам у МЗС.

ядравая зброя
Крыніца: Yuri Smityuk / TASS / Forum

«З вельмі вялікай верагоднасцю да рэальнага перасоўвання і размяшчэнні боезарадаў справа не дойдзе»

Навуковы супрацоўнік Інстытуту даследаванняў ААН у галіне раззбраення Павел Подзвіг у размове з DW растлумачыў, што глеба для падобнага рашэння Расеі была падрыхтаваная яшчэ ў 2022 годзе, калі з Канстытуцыі Беларусі зніклі словы аб бязʼядзерным статусе, «адкрыўшы легальную магчымасць размяшчэння ядравых боезарадаў на тэрыторыі Беларусі».

Акрамя таго, эксперт адзначыў, што «наяўнасць сховішча яшчэ не азначае таго, што там нешта будзе захоўвацца», бо ў расейскай практыцы ёсць прэцэдэнты, калі сховішча было пабудавана, але шмат гадоў заставалася незапоўненым.

«Я лічу, што з вельмі вялікай верагоднасцю да рэальнага перамяшчэння і размяшчэнне боезарадаў у Беларусі справа не дойдзе», – падкрэсліў ён.

Подзвіг таксама мяркуе, што гэта абвяшчэнне было хутчэй палітычным знакам, бо «ніякай дадатковай бяспекі ні Беларусі, ні Расеі гэты крок не дасць».

«Гэта палітычны сігнал, калі хочаце, аб больш цесным саюзе, і ён павінен успрымацца менавіта такім чынам», – лічыць эксперт.

«Аляксандр Рыгоравіч даўно ставіць пытанне аб тым, каб размясціць на тэрыторыі Беларусі расейскую тактычную ядравую зброю»

Нагадаем, Пуцін назваў рашэнне Расеі размясціць у Беларусі ядравую зброю вымушаным. Паводле яго, «падставай паслужыла заява намесніка міністра абароны Вялікай Брытаніі, што яны збіраюцца пастаўляць снарады ва Украіну са збяднелым уранам».

«Але нават па-за кантэкстам гэтых падзей Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка даўно ставіць пытанне аб тым, каб размясціць на тэрыторыі Беларусі расейскую тактычную ядравую зброю», – дадае эксперт.

Да гэтага выкарыстанне боепрыпасаў са збедненым уранам таксама пракаментаваў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, калі Украіна будзе выкарыстоўваць такія боепрыпасы, «адказ будзе страшным для ўсёй планеты ўрокам».

«Як толькі гэтыя боепрыпасы ўзарвуцца на пазіцыях войскаў Расеі, вы ўбачыце: адказ будзе страшным, для ўсёй планеты ўрокам будзе. У Расеі не толькі збеднены ўран, вы гэта выдатна ведаеце», – сказаў ён.

Пра тое, што снарады са збяднелым уранам (таксічны цяжкі метал, які мае тыя ж характарыстыкі, што і ўран, але прыкладна на 40% менш таксічны і радыеактыўны. – заўв.) увойдуць у новы пакет ваеннай дапамогі Украіне ад Вялікай Брытаніі, стала вядома ў сакавіку. Пры гэтым яшчэ ў студзені, кажучы аб новых пастаўках, Лондан адзначыў, што так Украіна зможа «перайсці ад стрымлівання да выгнання расейскіх войскаў з украінскай зямлі».

Іншыя Навіны