Навіны

29 мая 2023

Ваенныя закупляюць пліты для ўзлётных палос на 2,6 млн рублёў. Палову – для аэрадрому ў Мачулішчах

Пліты могуць выкарыстоўваць для рамонту палос, знос якіх рэзка ўзмацніўся на фоне перакідкі расейскіх войскаў на аэрадром. Пра гэта БРЦ расказаў ваенны эксперт Аляксандр Алесін.

Камандаванне Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны вылучыла 2,6 млн рублёў на закуп аэрадромных пліт ПАГ18. Два (1, 2) такіх тэндары БРЦ знайшоў на партале дзяржаўных закупаў.

Усяго плануецца набыць 2000 пліт. 1168 з іх адправяць у вайсковую часць 06752 у Мачулішчах, дзе знаходзіцца ваенны аэрадром. Яшчэ 532 пліты паедуць чыгункай у вайсковую часць 19764 у Лідзе, дзе таксама размяшчаецца аднайменны ваенны аэрадром. Рэшту – 300 штук – адправяць на аэрадром у Баранавічах. Для апошняга зараз таксама закупляюць два сховішчы для авіяцыйнай тэхнікі. На гэта патрацяць 380 тыс. рублёў.

Адзін з тэндараў абвясцілі 9 сакавіка, іншы – 26 траўня. Тэрмін пастаўкі па абодвух кантрактах – да 23 чэрвеня 2023 года.

Ваенны самалёт РФ
Крыніца: Russian Defence Ministry / TASS / Forum

ПАГ18 выкарыстоўваецца для пакрыцця ўзлётных палос аэрадромаў. Даўжыня адной пліты складае 6 метраў, шырыня – 2 метры. Улічваючы шырыню ўзлётнай паласы ў Мачулішчах (56 метраў), новымі плітамі вайскоўцы змогуць выкласці амаль 250 метраў узлётна-пасадачнай паласы. Агульная ж плошча, якую можна пакрыць такімі плітамі, – 14 тыс. кв. м. Гэта плошча двух футбольных палёў менскага стадыёна «Дынама».

Пліты могуць выкарыстоўваць для рамонту палос, знос якіх рэзка ўзмацніўся на фоне перакідкі расейскіх войскаў на аэрадром. Пра гэта БРЦ расказаў ваенны эксперт Аляксандр Алесін.

«Хутчэй за ўсё, гэтыя пліты прызначаны для рамонту зношаных узлётна-пасадачных палос. Пасля пачатку спецыяльнай ваеннай аперацыі рэзка павялічыўся трафік. Практычна кожны дзень туды прызямляюцца расейскія ваенна-транспартныя самалёты. Улічваючы, што паласа старая, вельмі імаверна, што рэзка павялічыўся яе знос. Калі мы возьмем Мачулішчы, то першапачаткова паласа прызначалася для прыёму цяжкіх бамбавальнікаў Ту-22М3, а цяпер там прызямляюцца цяжкія транспартныя самалёты Іл-72. Іх узлётная і пасадачная вага перавышае 100 тон. І пры дотыку паласы вельмі вялікая нагрузка на бетонную паласу, ударная перагрузка. І я дапускаю, у тых месцах, дзе адбываецца дотык шасі, значная колькасць пліт пашкоджана і знаходзіцца ў аварыйным стане», – растлумачыў эксперт.

З пачатку вайны ва Украіне Расея выкарыстоўвае беларускія аэрадромы для перакідвання ваеннай тэхнікі. У прыватнасці, у Мачулішчы 5 лютага 2023 года прыляцела 12 баявых верталётаў. Сярод іх былі Мі-8 і Мі-24. 11 ліпеня мінулага года расейскі Ан-124 даставіў на гэты аэрадром ракетны комплекс «Кропка У» з бартавым нумарам «03», які пазней бачылі пад Луганскам.

Акрамя таго, у Мачулішчах дыслакаваўся ваенны самалёт далёкага радыёлакацыйнага выяўлення і кіравання (ДРЛА) А-50. Яго выкарыстоўвалі для навядзення ракет на цэлі ва Украіне. Ён прыляцеў у Беларусь 3 студзеня і за 54 дні зрабіў 12 вылетаў. 26 лютага гэтага года на аэрадроме адбылася дыверсія – А-50 атакавалі дронамі. 2 сакавіка самалёт паляцеў з Беларусі ў Расею.

Закуп пліт для пакрыцця ўзлётных палос праходзіць на фоне размяшчэння расейскай ядравай зброі на тэрыторыі Беларусі. Кіраўнікі мінабароны Беларусі і Расеі Віктар Хрэнін і Сяргей Шайгу ўжо заявілі, што падпісалі адпаведныя дакументы. Сховішчы ракет, як пісаў БРЦ, могуць размясціць на тэрыторыі Менскай і Магілёўскай вобласцяў. Носьбітамі ядравай зброі, у тым ліку, зʼяўляюцца і самалёты. Па словах Аляксандра Алесіна, пліты могуць задзейнічаць для рамонту і закансерваваных аэрадромаў, на якіх размесцяць ядравыя бамбавальнікі.

Іншыя Навіны