Дырэктарка кампаніі «Girera«, Агне Марачкайце, паведаміла журналістам Siena, што інфармацыя аб транспартаванні карбаміду «абсалютна ілжывая». Марачкайце паскардзілася, што LTG паводзіць сябе некарэктна, «не паважае сваіх кліентаў і не абараняе іх камерцыйную таямніцу». На пытанне, ці азначае гэта, што яна лічыць транспартаванне беларускага карбаміду праз Літву камерцыйнай таямніцай, бізнесвумэн адказала, што ў яе ёсць дакументы, якія абвяргаюць дадзеныя LTG. Аднак на просьбу даць іх адказала адмовай.
У Siena звязаліся і з адным з акцыянераў «Misir.Ko» – літоўцам Саўлюсам Коцысам, які некаторы час жыве ў Бішкеку. На сваёй старонцы ў Facebook ён падтрымлівае Украіну і асуджае расейскую агрэсію. Коцыс паабяцаў разабрацца ў гэтай гісторыі, аднак потым перастаў адказваць на званкі.
Паводле дадзеных Siena, «Girera» закупляе беларускія ўгнаенні ў фірмы «Техноспецтрейдингэкспорт». Гэта даччыная кампанія «Техноспецтрейдинг», пра якую мы расказвалі раней у нашым расследаванні. «Техноспецтрейдинг» выкарыстоўвалася для абыходу санкцый, пастаўляючы прадукцыю з «Горадні Азот» у Літву. На гэты момант у Літве ўлады праводзяць расследаванне па выяўленні кампаній, якія маюць дачыненне да абыходу санкцый.