Навіны

Сёння

«Аўтары будуць адпраўлены па маршруце з трох літар». Генпракуратура Абхазіі адказала на запыт БРЦ

У верасні 2022 года Аляксандр Лукашэнка наведаў Абхазію і сустрэўся з яе лідарам Асланам Бжанія.

Генеральная пракуратура Абхазіі не палічыла мэтазгодным адрэагаваць на вынікі расследавання БРЦ і назвала яго «заснаваным на домыслах і непацверджаных фактах». Такі адказ прыйшоў на наш запыт ведамству. Мы прасілі адказаць на пытанні пра перадачу ўчастка на беразе мора ў абхазскім сяле кампаніі, звязанай з набліжанымі Аляксандра Лукашэнкі.

У рамках працы над расследаваннем «Кошт візіту ў Абхазію. Ці прамяняў Лукашэнка нацыянальныя інтарэсы на ўчастак ля мора» БРЦ накіраваў афіцыйны запыт у Генеральную пракуратуру непрызнанай рэспублікі. Журналісты папрасілі растлумачыць, ці правярала ведамства здзелку па перадачы прыбярэжнага зямельнага ўчастка плошчай 20 га кампаніі «Жемчужина 2010» на наяўнасць карупцыйных дзеянняў.

Генеральны пракурор Адгур Агрба
Крыніца: apsnypress.info / Генеральны пракурор Адгур Агрба

У адказе пракуратуры за подпісам генеральнага пракурора А.Н. Агрба сказана, што рэагаваць на расследаванне БРЦ ведамства лічыць немэтазгодным, а «мэтай такіх абвінавачванняў з'яўляецца дыскрэдытацыя адносін Рэспублікі Абхазія і Рэспублікі Беларусь і непасрэдна прэзідэнта А.Р. Лукашэнкі». 

«Аляксандр Рыгоравіч па праве з'яўляецца адным з самых аўтарытэтных дзяржаўных дзеячаў сучаснасці, узорам адказнага кіраўніка, які цвёрда адстойвае інтарэсы свайго народа, які карыстаецца павагай у нашай краіне», — паведамілі нам у Генпракуратуры і дадалі, што «ў выпадку паўтарэння падобных правакацыйных зваротаў у адрас дзяржаўных структур Рэспублікі Абхазія іх аўтары будуць неадкладна адпраўленыя па вядомым маршруце руху, які складаецца з трох літар». 

У верасні 2022 года Аляксандр Лукашэнка наведаў Абхазію і сустрэўся з яе лідарам Асланам Бжанія. На наступны дзень пасля паездкі прэм'ер непрызнанай рэспублікі ўхваліў прапанову аб перадачы ТАА «Жемчужина 2010» участка ў сяле Кындыг Ачамчырскага раёна пад будаўніцтва санаторна-курортнага комплексу.

Як высветліў БРЦ, у кампаніі «Жемчужина 2010» два ўладальнікі: 10% аформлена на грамадзяніна Абхазіі Дато Квіцынію, а 90% — на беларускую фірму «Тэрмалія», якая належыць былому супрацоўніку Службы бяспекі Аляксандра Лукашэнкі. 

Фактычна кампаніяй кіруюць Мікалай Селіванаў, былы першы намеснік кіраўніка справамі Лукашэнкі. Яго былы кіраўнік і кіраўнік ведамства — блізкі паплечнік Лукашэнкі Віктар Шэйман. Нягледзячы на тое, што Шэйман больш не займае афіцыйных пасад, ён асабіста суправаджаў Лукашэнку падчас візіту ў Абхазію ў верасні 2022 года. 

Сабраныя БРЦ факты паказваюць, што за кампаніяй «Жемчужина 2010» могуць стаяць інтарэсы самога Аляксандра Лукашэнкі.

Генеральны пракурор Адгур Агрба
Крыніца: apsnypress.info / Генеральны пракурор Адгур Агрба
Генеральны пракурор Адгур Агрба
Крыніца: apsnypress.info / Генеральны пракурор Адгур Агрба

Іншыя Навіны