Навіны

26 ліпеня 2023

МУС Беларусі выдаткуе 2 млн рублёў на закуп сродкаў для абароны інфармацыі

Міністэрства выдаткуе 646 тысяч рублёў на набыццё 56 праграмна-апаратных прылад IP-шыфравання.

Дэпартамент фінансаў і тылу МУС Беларусі выдзеліў 2 млн беларускіх рублёў на закуп сродкаў крыптаграфічнай абароны інфармацыі. Такі тэндар БРЦ знайшоў на партале дзяржзакупаў.

Міністэрства выдаткуе 646 тысяч рублёў на набыццё 56 праграмна-апаратных прылад IP-шыфравання. Іх прадукцыйнасць – да 1 Гбіт / с. Прылады павінны адначасова падтрымліваць да 50 VPN-тунэляў.

Яшчэ 295 тысяч рублёў пойдуць на куплю 68 крыху менш магутных прылад прадукцыйнасцю да 100 Мб/с і 10 максімальнымі VPN-тунэлямі. Яшчэ 1,1 млн рублёў вылучылі на прылады кантролю і фільтраванні сеткавага трафіку, а таксама праграмнае забеспячэнне цэнтралізаванага кіравання бяспекай.

Гэта ўжо другі такі тэндар для МУС з пачатку года. У траўні ведамства абʼявіла закуп 42 генератараў зашумлення для абароны ад несанкцыянаванага атрымання інфармацыі па ланцугах электрасілкавання.

Раней падобныя тэндары ведамства не размяшчала. У апошні час публічна не паведамлялася аб якіх-небудзь злівах дадзеных у МУС. У 2021 годзе «Кіберпартызаны» атрымалі доступ да баз МУС, у тым ліку да аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы «ДАІ-Цэнтр», якая змяшчае інфармацыю аб зарэгістраваных транспартных сродках, і да сістэмы «Пашпарт», якую выкарыстоўваюць пашпартна-візавыя падраздзяленні МУС Беларусі.

Іншыя Навіны