Навіны 13 ліпеня 2023

Беларускія вайскоўцы пяты раз з пачатку года спрабуюць знайсці падрадчыка для рамонту склада на Гожскім палігоне, дзе праводзяцца манеўры з расейскім войскам

Усе папярэднія конкурсы былі прызнаныя несапраўднымі.

Упраўленне капітальнага будаўніцтва Узброеных сіл Беларусі выдзеліла 5,2 млн рублёў на мадэрнізацыю склада ваеннага гарадка на Гожскім палігоне вайсковай часці 05733. Такі тэндар БРЦ знайшоў на партале дзяржаўных закупаў.

Гаворка ідзе аб рамонце дзвярных праёмаў, фасадаў і апорных канструкцый. Акрамя таго, плануецца замяніць вароты, сістэму пажарнай сігналізацыі, сістэмы пажаратушэння і правесці шэраг іншых работ, у тым ліку аддзелачных.

Гэты тэндар вайскоўцы размяшчаюць ужо пяты раз з пачатку года. Усе папярэднія конкурсы былі прызнаныя несапраўднымі. Першыя тэндары апублікавалі яшчэ на пачатку года. Тады іх кошт быў істотна ніжэйшы – 3,8 млн рублёў. Але абодва конкурсы адмянілі, паколькі да таргоў быў дапушчаны толькі адзін удзельнік.

У другім тэндары ўдзельнічаў вядомы берасцейскі забудоўшчык «Палессежылбуд», які рэгулярна атрымлівае дзяржкантракты. Фірму не дапусцілі да ўдзелу ў конкурсе, паколькі яна прапанавала занадта высокі кошт выканання работ.

Верагодна, гэта паўплывала на наступныя два тэндары, кошт якіх павялічылі да 5,2 млн рублёў. У абодвух з іх «Палессежылбуд» аказалася адзіным дапушчаным да таргоў удзельнікам, таму конкурсы таксама прызналі несапраўднымі.

ААТ «Палессежылбуд» – вядомы берасцейскі забудоўшчык. Кампанія рэгулярна атрымлівае дзяржзамовы. З 2021 года, паводле падлікаў БРЦ, сума выйграных дзяржкантрактаў перавысіла 60 млн рублёў.

Згаданы ў дакументацыі да тэндару Гожскі палігон – адзін з абʼектаў, на якім пастаянна праводзяцца ваенныя вучэнні. Ён знаходзіцца на мяжы з Польшчай і Літвой. На палігоне ў тым ліку праводзяцца сумесныя манеўры з расейскім войскам. У пачатку ліпеня Беларусь чарговы раз працягнула вучэнні з Расеяй як мінімум да 16 ліпеня.

Іншыя Навіны
У Літве правераць сувязі віцэ-прэзідэнта Канфедэрацыі прамыслоўцаў з беларускім бізнесам пасля расследавання БРЦ
Навіны У Літве правераць сувязі віцэ-прэзідэнта Канфедэрацыі прамыслоўцаў з беларускім бізнесам пасля расследавання БРЦ
Завод «Новус Індустры», які належаў літоўскаму мільянеру Сігітасу Паўлаўскасу, гандляваў з кампаніямі ягонага холдынгу VMG Group у 2023—2024 гадах.
19 кастрычніка 2026 Чытаць
«Імёны бенефіцыяраў кампанія не раскрывае». Што «Новус Індустры» адказала БРЦ пра пастаўкі мэблі, уладальнікаў і падабенства да IKEA
Навіны «Імёны бенефіцыяраў кампанія не раскрывае». Што «Новус Індустры» адказала БРЦ пра пастаўкі мэблі, уладальнікаў і падабенства да IKEA
Былы падрадчык шведскага брэнду заявіў, што не пастаўляе прадукцыю на акупаваныя тэрыторыі, але не раскрыў імёнаў новых бенефіцыяраў і заказчыкаў.
13 кастрычніка 2026 Чытаць
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць