БРЦ выкрыў схему кантрабанднага экспарту ўзбекскіх угнаенняў беларускага паходжання. Партыю карбаміду закупіла літоўская кампанія Milca Baltija. Яе ўласнік — 23-гадовы беларус Раман Семяненя.
У мытнай дэкларацыі на карбамід, які купіла Milca Baltija, пастаўка аформлена з дзяржаўнага ўзбекскага Дэхканабадскага калійнага заводу. Гэта значыць азотныя ўгнаенні набылі на калійным заводзе, дзе яны не вырабляюцца.
Расследавальнікі БРЦ знайшлі і іншыя нестыкоўкі. У сертыфікаце якасці на тавар замест «масавай долі біўрэта» — гэта кіслата з элементаў азоту, напісана «масавая доля бюрэткі». Бюрэтка — лабараторны посуд для дакладнага вызначэння невялікіх аб'ёмаў газаў і вадкасцяў. Такая памылка, на думку прадстаўніка ініцыятывы «Рабочы Рух» Юрыя Рававога, можа паказваць, што чалавек, які запаўняў дакумент, не знаёмы з вытворчасцю азотных угнаенняў.
Месцам адгрузкі ўгнаенняў у арыгінале накладной для атрымальніка значыцца горад Ліда. Рававы адзначыў, што «Гродна Азот» — гэта адзінае прадпрыемства ў Беларусі, якое вырабляе карбамід.
Нягледзячы на памылкі і нестыкоўкі ў дакументацыі грузы Milca Baltija даязджаюць да атрымальнікаў. Гэтая і іншыя схемы, раскрытыя БРЦ, працуюць пры садзейнічанні дзяржаўных прадпрыемстваў Узбекістана.
Як менавіта, чытайце ў расследаванні «Акно ў Еўропу для “Гродна Азоту”. Як Узбекістан дапамагае Беларусі абысці забароны і прадаваць у ЕЗ угнаенні падсанкцыйнага прадпрыемства».