Навіны

22 сакавіка 2023

«Руская балонка», свабода слова, Украіна і санкцыі. Галоўныя тэзісы з калонак Ціханоўскай для заходніх медыяў

Пакуль Лукашэнка застаецца адданым Пуціну, пакутваць ад гэтага будуць не толькі беларусы, але і ўкраінцы, лічыць Ціханоўская.

Святлана Ціханоўская знаходзіцца з афіцыйным візітам у ЗША, дзе ў яе запланаваны шэраг сустрэч на высокім узроўні. Напярэдадні візіту ў Вашынгтон у The Wall Street Journal выйшла калонка Ціханоўскай. Гэта ўжо не першая публікацыя ў заходнім СМІ ад імя лідаркі беларускай апазіцыі. Мы падрабязна вывучылі гэты тэкст Ціханоўскай, а таксама іншыя яе публікацыі гэтага года ў Politico і The Guardian, каб зразумець яе асноўны мэсыдж на Захад у 2023 годзе.
Святлана Ціханоўская
Крыніца: Aleksander Kalka / Zuma Press / Forum

«Руская балонка»

Адзін з асноўных мэсыджаў Ціханоўскай у яе калонках для заходніх медыяў палягае на тым, што Лукашэнка – дыктатар, які прыслугоўвае прэзідэнту Расеі Уладзіміру Пуціну і дзейнічае ў яго інтарэсах. У дзвюх сваіх калонках для Politico і The Guardian Ціханоўская называе яго «рускай балонкай» і падкрэслівае, што сваім становішчам Лукашэнка абавязаны менавіта Пуціну, бо ператварыў Беларусь у васальную дзяржаву Расеі.

Украіна

Пакуль Лукашэнка застаецца адданым Пуціну, пакутваць ад гэтага будуць не толькі беларусы, але і ўкраінцы, лічыць Ціханоўская.

«Без свабоднай Беларусі не будзе бяспечнай Украіны. Запрашэнне Лукашэнкі расейскім войскам правесці гібрыдную акупацыю Беларусі паставіла маю краіну ў цэнтр крызісу ва Усходняй Еўропе», – піша лідарка беларускай апазіцыі ў тэксце для The Guardian.
На яе думку, каб наблізіць вызваленне і Украіны, і беларускага народу, неабходна зрынуць Лукашэнку.

Свабода слова

Адзін з галоўных інструментаў Лукашэнкі ў барацьбе за ўладу, мяркуе палітык, цэнзура і знішчэнне свабоды слова ў Беларусі. У сваіх матэрыялах Ціханоўская неаднаразова пералічвала беларускіх журналістаў, якія патрапілі ў турму ці былі вымушаныя ўцякаць з краіны таму, што добрасумленна выконвалі сваю працу. Пры гэтым, на яе думку, «большасць беларусаў па сваёй сутнасці – еўрапейцы і хочуць мірна жыць ва ўмовах дэмакратыі». У сувязі з гэтым Ціханоўская заклікала Заходнія краіны падтрымаць уцекачоў ад дыктатуры Лукашэнкі, а таксама беларускіх журналістаў, каб яны маглі і надалей працаваць на карысць беларускага народу, які мае патрэбу ў дэмакратыі.

Санкцыі

Пачынаючы з 2020 года, у тым ліку пасля заклікаў Ціханоўскай, супраць Беларусі і асабіста Аляксандра Лукашэнкі і яго акружэння былі ўведзены шэсць пакетаў санкцый. Улады ЕЗ плануюць і надалей пашыраць свае абмежаванні для Беларусі. Але Ціханоўская лічыць, што іх усё яшчэ недастаткова і супраць Лукашэнкі, і ягонага атачэння трэба ўводзіць як мага больш санкцый, каб ён страціў усялякую падтрымку і проста не мог працягваць кіраваць дзяржавай.

«Спадзяемся, што Вашынгтон і ягоныя саюзнікі працягнуць аказваць максімальны ціск на гнюсны рэжым Лукашэнкі. Нам трэба, каб ягоная роля ў вайне Пуціна спынілася, а расейскія войскі назаўжды пакінулі тэрыторыю Беларусі. Нам трэба, каб «ГУЛАГі» апусцелі, а народ у Беларусі мог вырашаць, хто будзе кіраваць краінаю, не баючыся помсты», – напісала яна ў артыкуле для The Wall Street Journal.

Іншыя Навіны