Фэйк №1: Міністр абароны Польшчы выкарыстоўвае вайскоўцаў для будаўніцтва лецішча
Дата фэйка: 6.09.2023
Тэлеграм-канал «Невальфовіч» 6 верасня апублікаваў фатаграфіі, на якіх польскія вайскоўцы, як сцвярджаецца, будуюць лецішча для міністра абароны Польшчы.
«З'явіліся кадры Войска Польскага, дзе вайскоўцаў выкарыстоўваюць у якасці рознарабочых.
Польскія вайскоўцы аказваюць усе віды паслуг, пачынаючы ад рамонтных работ, заканчваючы вядзеннем прысядзібнай гаспадаркі. З боку ўсё гэта нагадвае працоўны працэс на лецішчы аднаго з польскіх генералаў.
Зразумела, што ў кіраўніка польскага ведамства М. Блашчака радня вялікая і лецішчаў шмат, але навошта ж так злоўжываць службовымі паўнамоцтвамі?» — гаворыцца ў паведамленні.
На самой справе гэтыя фатаграфіі з'явіліся не цяпер — большасць з іх знаходзіцца ў адкрытым доступе ўжо шмат гадоў. Фотаздымкі, на якіх вайскоўцы коцяць бервяно і засыпаюць пясок у мяшкі, зробленыя ў 2019 годзе. На іх польскія вайскоўцы дапамагаюць ліквідаваць наступствы ўрагану. Фота, на якім польскія вайскоўцы пілуюць бервяно, — зроблена ў 2020 годзе на вучэннях тэрытарыяльнай абароны.
Фатаграфіі вайскоўцаў з будаўнічымі каляскамі на фоне дому зробленыя не ў Польшчы, а ў Славеніі. У жніўні там адбылася найбуйнейшая паводка за апошнія 30 гадоў, Польшча адправіла сваіх вайскоўцаў на дапамогу ў ліквідацыі яе наступстваў. Гэтыя фатаграфіі былі апублікаваныя на афіцыйным сайце польскага войска.