Падчас візіту ў Азербайджан 17 траўня 2024 года Аляксандр Лукашэнка прапанаваў пабудаваць у Нагорным Карабаху аграгарадок на 420 сем'яў — пачынаючы з жылля і заканчваючы дарогамі і сацаб'ектамі.
Гэтую падзею на наступны дзень згадаў Аляксей Дзермант у эфіры «Альфа Радыё». Ён заявіў, што такую замову атрымала толькі Беларусь і толькі дзякуючы асабістым асаблівым адносінам паміж прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым і Лукашэнкам.
«Параўнайце, Турцыя, у якой будаўнічая галіна о-го-го якая. А тут, нягледзячы на вельмі блізкія адносіны Азербайджана і Турцыі, Беларусь дапускаюць да гэтых праектаў. Значыць нам вераць, ведаюць, што мы робім якасна, нас паважаюць. Ну і, вядома, ёсць, не будзем хаваць, хімія асабістая двух прэзідэнтаў, сяброўства і адносіны, ужо правераныя гадамі. Без гэтага, без асабістай ролі нашага прэзідэнта ніхто б не даў такія маштабы для дзейнасці нам», — сказаў палітолаг.
Ільхам Аліеў запрашаў Беларусь паўдзельнічаць у аднаўленні тэрыторый Нагорнага Карабаха яшчэ ў 2021 годзе. Але не толькі Беларусь. У адкрытым доступе мы знайшлі афіцыйныя запрашэнні, адрасаваныя і іншым краінам. Напрыклад, Азербайджан звяртаўся да Паўднёвай Карэі, Пакістана, Кувейта, Туркменістана, Казахстана, Турцыі, Узбекістана і Кыргызстана.
Таксама адбудоўваць Карабах запрашалі румынскія і венгерскія кампаніі. Некаторыя з іх у Карабаху ўжо шмат чаго пабудавалі. І больш за ўсіх менавіта Турцыя. За тры гады з дзяржбюджэту Азербайджана на аднаўленча-будаўнічыя работы ў Карабаху пайшло $7 млрд, палову з іх атрымалі турэцкія кампаніі. Больш за сотню кампаній з Турцыі гатовыя інвеставаць у Карабах.