У Добрушы вырабляюць кардон, якога няма нідзе ў свеце
Аляксандр Лукашэнка на мінулым тыдні наведаў Добрушскую папяровую фабрыку.
Сапраўды, гэты праект аброс скандалам. На самай справе, дарэчы, інвестара не было, быў кітайскі крэдытор, які выдаў Беларускаму дзяржаўнаму прадпрыемству звязаны крэдыт на мадэрнізацыю, пры ўмове, што выконваць работы будзе кітайская кампанія. Кітайская кампанія павінна была завяршыць праект да 2015-га года, але не завяршыла і да 2017-га. У выніку партнёры пасварыліся і спынілі супрацу па гэтым праекце да яго завяршэння.
«Для рэалізацыі праекту Кітайскі банк развіцця вылучыў крэдыт абʼёмам 350 млн долараў. Генеральным падрадчыкам стала кітайская кампанія «Сюань Юань», якая не мела вопыту рэалізацыі падобных буйных праектаў. Увод вытворчасці ў эксплуатацыю планаваўся на 2015 год, аднак своечасова не адбыўся. У 2018 годзе інвестыцыйны дагавор з кітайскай кампаніяй быў скасаваны. У лютым 2020 года падчас наведвання А. Лукашэнкі гэтага абʼекта паведамлялася, што яго запуск плануецца толькі на канец 2020 года і запатрабуе 83 млн долараў дадатковага фінансавання. Мяркуючы з інфармацыі ад саміх кітайскіх падрадчыкаў, галоўнай перашкодай на шляху рэалізацыі праекту стала адсутнасць у іх досведу развязання задач такога маштабу, досведу працы ў Беларусі, негатоўнасць да выканання беларускіх нормаў заканадаўства, да бюракратыі ў адміністрацыйных працэдурах» – гаворыцца ў дакладзе Фонду Фрыдрыха Эберта.
Але там, дзе не справіліся кітайцы, справу завяршылі беларускія кампаніі, распавядае АТН.
Наконт уласных рэсурсаў (грашовых) – гэта праўда. Для завяршэння інвестпраекту дзяржава вылучыла мэтавую пазыку на $72.000.000, а «Беларусбанк» ухваліў мэтавы крэдыт у памеры $62.000.000. Атрымліваецца, да першапачатковага кошту дадаліся $134.000.000. А вось наконт «уласных сіл» АТН пагарачылася. Палова ад выдзеленых $72.000.000 спатрэбілася на аплату паслуг аўстрыйскай кампаніі, якая запускала машыну. Менавіта таму, што ў беларускіх спецыялістаў няма патрэбнага вопыту. Пра гэта Лукашэнку прама сказалі адказныя за запуск праекту яшчэ 4 лютага 2020-га года пры першым наведванні Лукашэнкі на гэты завод.
– А абладзіць тэхналогію мы самі не можам? У цябе ж вакол заводы, фабрыкі, спецыялісты. Чаму мы не можам запусціць машыну і выдаць кардон?
– Вось атрымаць кардон мы зможам. Але вось мелаваны і немелаваны трохслаёвы кардон мы не атрымаем.
– Чаму?
– Таму што няма кампетэнцыяў.
У рэпартажы АТН аб наведванні Лукашэнкі заводу карэспандэнт Наталля Брэус упэўнена заявіла, што ўжо ў наступным годзе завод запрацуе на ўсю моц.
«Цяпер завяршаюць абладу тэхналагічных рэжымаў. На поўную магутнасць выйдуць у наступным годзе» – заявіла Брэус у сваім рэпартажы.
А вось, што ў той жа дзень Аляксандру Лукашэнку сказаў генеральны дырэктар холдынгу» Беларускія шпалеры » Аляксандр Каляда. У склад гэтага холдынгу ўваходзіць і «Добрушская папяровая фабрыка».
«На наступны год мы плануем 120 тысяч кардона. А ўжо ў 23-м – м-200 тысяч, праектная магутнасць» – заявіў Каляда.
Гэта значыць, АТН схлусіў, што запуск скончыцца праз год, хоць, на самай справе, плануецца толькі праз два. Але і гэта яшчэ не ўсё. Вядоўца АТН сказаў, што гэта першы такі завод у СНД:
«А ўсё таму, што на тэрыторыі СНД падобны прадукт не вырабляўся. Мы сталі першымі».
Пакуль 9 гадоў будаваўся Добрушскі завод, падобную вытворчасць ужо паспелі запусціць расейцы. ТАА «Кама кардон» у горадзе Чырвонакамск зрабіла першы мелаваны кардон у красавіку 2021 года. А завод у Добрушы запусціўся толькі 1 чэрвеня. Расейцы будавалі яго 5 гадоў. Кошт праекту склаў каля 29.000.000.000 расейскіх рублёў (каля $ 420.000.000). Беларускі ж праект першапачаткова ацэньваўся ў $ 510.000.000. Але потым з усімі дадатковымі ўкладаннямі і зусім падаражэў як мінімум на $134.000.000.