Антыфэйк / фактчэк

05 лістапада 2021

Фэйкі з кардона, барацьба Беларусі супраць нелегальнай міграцыі і чаму еўрапейцы не вераць сваім уладам?

Супраць Беларусі рыхтуюць 5-ы пакет санкцый

Супраць Беларусі рыхтуюць 5-ы пакет санкцый. У яго ўключаць тых, хто нясе адказнасць за незаконную перапраўку мігрантаў у краіны Еўразвязу праз Беларусь. Але што аб усіх гэтых санкцыях у дачыненні да Беларусі думаюць звычайныя грамадзяне, якія пражываюць у ЕЗ?

«БЕЛТА» са спасылкай на дэпутата Андрэя Савіных паведамляе, што большасць такую палітыку Еўразвяза не падтрымлівае.

«Пераважная большасць (Я ў гэтым упэўнены) грамадзян ЕЗ не падтрымлівае палітыку структур Еўразвяза ў дачыненні да Беларусі» – заявіў Андрэй Савіных.

У 2020-м годзе аб тым, што думаюць жыхары Літвы аб рэакцыі ўладаў на падзеі ў Беларусі, высветліла кампанія рынкавых і сацыялагічных даследаванняў «Vilmorus».

Паводле звестак праведзенага апытання, 38,5% рэспандэнтаў выказалі падтрымку пазіцыі літоўскіх уладаў. 25% апытаных сцвярджалі, што рэакцыя літоўскіх уладаў у дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі з'яўляецца занадта жорсткай, амаль 6% лічылі, што яна, наадварот, занадта мяккая. У больш за 30% не было думкі па гэтым пытанні.

Таксама, паводле звестак апытання, за строгую пазіцыю ў дачыненні да Лукашэнкі часцей выступаюць людзі з высокім узроўнем даходу. Горш дзеянні літоўскіх уладаў ацэньваюць беспрацоўныя і людзі з нізкім узроўнем даходу.

Беларусь спыняла 30 тысяч мігрантаў штогод

Да цяперашняга міграцыйнага крызісу афіцыйны Менск паспяхова спыняў масавыя спробы мігрантаў незаконна пранікнуць на тэрыторыю ЕЗ праз Беларусь. Пра гэта распавёў кіраўнік тэлеканалу «АНТ» Марат Маркаў у перадачы «Клуб рэдактараў».

«Спыняла 30 тысяч мігрантаў штогод» – дэкламаваў Марат Маркаў.

Доказаў Маркаў не прывёў. А вось, што кажа афіцыйная статыстыка.

У 2020-м беларускія памежнікі затрымалі менш за паўсотні замежнікаў, якія парушылі міграцыйнае заканадаўства, за першае паўгоддзе 2019-га – 153 мігранта. 3 гады таму спынілі 53 чалавекі, у 2017-м – 138.

У Беларусі зніжаецца колькасць захворванняў COVID-19

На мінулым тыдні ў Міністэрстве аховы здароўя заявілі, што ў Беларусі тэмпы прыросту захворвання на COVID-19 памяншаюцца. Пры гэтым, на той момант, статыстыка Мінздароўя ні аб чым падобным не сведчыла.

Таксама па дадзеных міністра аховы здароўя, у Беларусі пад COVID-19 перапрафілявана 32.000 бальнічных ложкаў – гэта траціна ад усяго ложкавага фонду краіны. Толькі 2.500 з іх – вольныя. Пра гэта Піневіч заявіў у эфіры тэлеканалу «Беларусь-1» 17 кастрычніка.

А вось лічбы па захворванні на COVID-19, апублікаваныя Міністэрствам аховы здароўя ў той жа дзень, 17 кастрычніка.

У Беларусі за ўвесь час захварэлі на COVID-19 менш за 572 тысячы чалавек.

545.245 чалавек ачунялі. І яшчэ 4.402 чалавекі памерлі. Калі ад ліку ўсіх хворых адняць колькасць усіх здаровых і памерлых, то апынецца, што на 17 кастрычніка на каронавірус маглі хварэць толькі 22.340 чалавек. Хутчэй за ўсё, нейкая частка з іх пераносіла хваробу ў лёгкай і сярэдняй ступені цяжару і лячыліся ўдома. Але нават калі б шпіталізавалі усіх з пацверджаным ковідам, 30 тысяч ложкаў не запоўнілася.

Тыднем пазней на нарадзе, прысвечанай лячэнню каронавіруса, Аляксандр Лукашэнка казаў, што пад COVID-19 задзейнічана толькі палова ложкаў, і прасіў Піневіча не ператрымліваць людзей у больніцах.

У Беларусі, паводле «Белстату», ложкавы фонд у больніцах складаў 80.000 ложкаў на 2019-ы год. Цікава, што інфармацыю пра тое, колькі іх налічвалася ў 2020-ым, Нацыянальны статыстычны камітэт не апублікаваў. Калі дапусціць, што Піневіч сказаў праўду, то цяпер ложкаў каля 100.000.

З словаў Лукашэнкі вынікае, што пад COVID-19 аддадзены 40-50 тысяч месцаў у шпіталях. Але паводле афіцыйнай інфармацыі Міністэрства аховы здароўя на 25 кастрычніка на COVID-19 захварэла 588.231 чалавек, выпісана і ачуняла з іх 560.343 чалавекі. Яшчэ 4.530 памерлі. Разам балела 23.358 чалавек.

Хто тады займае палову ложкавага фонду Беларусі? І калі, сапраўды, хворыя на COVID-19, то тады атрымліваецца, што хлусіць дзяржаўная статыстыка, прыніжаючы колькасць хворых на каронавірус.

У Добрушы вырабляюць кардон, якога няма нідзе ў свеце

Аляксандр Лукашэнка на мінулым тыдні наведаў Добрушскую папяровую фабрыку.

Сапраўды, гэты праект аброс скандалам. На самай справе, дарэчы, інвестара не было, быў кітайскі крэдытор, які выдаў Беларускаму дзяржаўнаму прадпрыемству звязаны крэдыт на мадэрнізацыю, пры ўмове, што выконваць работы будзе кітайская кампанія. Кітайская кампанія павінна была завяршыць праект да 2015-га года, але не завяршыла і да 2017-га. У выніку партнёры пасварыліся і спынілі супрацу па гэтым праекце да яго завяршэння.

«Для рэалізацыі праекту Кітайскі банк развіцця вылучыў крэдыт абʼёмам 350 млн долараў. Генеральным падрадчыкам стала кітайская кампанія «Сюань Юань», якая не мела вопыту рэалізацыі падобных буйных праектаў. Увод вытворчасці ў эксплуатацыю планаваўся на 2015 год, аднак своечасова не адбыўся. У 2018 годзе інвестыцыйны дагавор з кітайскай кампаніяй быў скасаваны. У лютым 2020 года падчас наведвання А. Лукашэнкі гэтага абʼекта паведамлялася, што яго запуск плануецца толькі на канец 2020 года і запатрабуе 83 млн долараў дадатковага фінансавання. Мяркуючы з інфармацыі ад саміх кітайскіх падрадчыкаў, галоўнай перашкодай на шляху рэалізацыі праекту стала адсутнасць у іх досведу развязання задач такога маштабу, досведу працы ў Беларусі, негатоўнасць да выканання беларускіх нормаў заканадаўства, да бюракратыі ў адміністрацыйных працэдурах» – гаворыцца ў дакладзе Фонду Фрыдрыха Эберта.

Але там, дзе не справіліся кітайцы, справу завяршылі беларускія кампаніі, распавядае АТН.

Наконт уласных рэсурсаў (грашовых) – гэта праўда. Для завяршэння інвестпраекту дзяржава вылучыла мэтавую пазыку на $72.000.000, а «Беларусбанк» ухваліў мэтавы крэдыт у памеры $62.000.000. Атрымліваецца, да першапачатковага кошту дадаліся $134.000.000. А вось наконт «уласных сіл» АТН пагарачылася. Палова ад выдзеленых $72.000.000 спатрэбілася на аплату паслуг аўстрыйскай кампаніі, якая запускала машыну. Менавіта таму, што ў беларускіх спецыялістаў няма патрэбнага вопыту. Пра гэта Лукашэнку прама сказалі адказныя за запуск праекту яшчэ 4 лютага 2020-га года пры першым наведванні Лукашэнкі на гэты завод.

– А абладзіць тэхналогію мы самі не можам? У цябе ж вакол заводы, фабрыкі, спецыялісты. Чаму мы не можам запусціць машыну і выдаць кардон?

– Вось атрымаць кардон мы зможам. Але вось мелаваны і немелаваны трохслаёвы кардон мы не атрымаем.

– Чаму?

– Таму што няма кампетэнцыяў.

У рэпартажы АТН аб наведванні Лукашэнкі заводу карэспандэнт Наталля Брэус упэўнена заявіла, што ўжо ў наступным годзе завод запрацуе на ўсю моц.

«Цяпер завяршаюць абладу тэхналагічных рэжымаў. На поўную магутнасць выйдуць у наступным годзе» – заявіла Брэус у сваім рэпартажы.

А вось, што ў той жа дзень Аляксандру Лукашэнку сказаў генеральны дырэктар холдынгу» Беларускія шпалеры » Аляксандр Каляда. У склад гэтага холдынгу ўваходзіць і «Добрушская папяровая фабрыка».

«На наступны год мы плануем 120 тысяч кардона. А ўжо ў 23-м – м-200 тысяч, праектная магутнасць» – заявіў Каляда.

Гэта значыць, АТН схлусіў, што запуск скончыцца праз год, хоць, на самай справе, плануецца толькі праз два. Але і гэта яшчэ не ўсё. Вядоўца АТН сказаў, што гэта першы такі завод у СНД:

«А ўсё таму, што на тэрыторыі СНД падобны прадукт не вырабляўся. Мы сталі першымі».

Пакуль 9 гадоў будаваўся Добрушскі завод, падобную вытворчасць ужо паспелі запусціць расейцы. ТАА «Кама кардон» у горадзе Чырвонакамск зрабіла першы мелаваны кардон у красавіку 2021 года. А завод у Добрушы запусціўся толькі 1 чэрвеня. Расейцы будавалі яго 5 гадоў. Кошт праекту склаў каля 29.000.000.000 расейскіх рублёў (каля $ 420.000.000). Беларускі ж праект першапачаткова ацэньваўся ў $ 510.000.000. Але потым з усімі дадатковымі ўкладаннямі і зусім падаражэў як мінімум на $134.000.000.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым

Іншыя публікацыі

Мукавозчык абвінаваціў апазіцыю ў атручванні вады перад выбарамі 2020 года. Як было насамрэч
Антыфэйк / фактчэк

Мукавозчык абвінаваціў апазіцыю ў атручванні вады перад выбарамі 2020 года. Як было насамрэч

Гаворка ідзе пра падзеі чэрвеня 2020 года, калі ў пяці раёнах Менску замест звыклай вады з-пад крана цякла мутная вадкасць з непрыемным пахам і смакам.

09 снежня 2024 Чытаць