Заходнія краіны адзначылі 80-годдзе сканчэння Другой сусветнай вайны. За некалькі дзён да гэтага, 2 траўня 2025 года, абмяркоўваючы чаканыя з гэтай нагоды імпрэзы з супрацоўнікам БелТА Юрыем Гроеравым, дэпутат Мікалай Бузін заявіў, што галоўнае ў іх — гатовасць народу бараніць сваю краіну. І дадаў, што калі ў беларусаў яна ёсць, то ў еўрапейцаў — няма.
«Нядаўна мне трапілася даследаванне польскіх спецыялістаў, дзе больш за 70% палякаў на пытанне “што вы будзеце рабіць у выпадку пачатку вайны на нашай тэрыторыі?” сказалі: “Пакінем тэрыторыю краіны”», — распавёў Бузін.
Што будуць рабіць палякі ў выпадку вайсковага канфлікту, спытаў Інстытут рынкавых і сацыяльных даследаванняў у межах апытання для газеты Rzeczpospolita. Правялі яго ў сярэдзіне красавіка 2025 года. Вынікі адрозніваюцца ад агучаных беларускім дэпутатам: пра намер выехаць з сям'ёй за мяжу, калі пачнецца вайна, заявілі меней за 20% апытаных. То бок амаль у чатыры разы менш, чым сцвярджаў Бузін.
У параўнанні з папярэднім апытаннем на тую ж тэму, апублікаваным у снежні 2023 года, паказнік трохі вырас: тады жаданне эвакуявацца з краіны выказвалі каля 12% рэспандэнтаў.
Таксама сёлетняе даследаванне паказала, што кожны дзясяты апытаны гатовы пайсці добраахвотнікам у армію. Амаль кожны чацвёрты — стаць валанцёрам. Падобнае даследаванне, праведзенае сярод польскай моладзі ў 2023-2024 гадах, паказала, што ў выпадку вайны краіну можа пакінуць кожны чацвёрты рэспандэнт. У той жа час амаль палова маладых людзей сказалі, што гатовыя пайсці добраахвотнікамі ў армію.
Каманда WTF не знайшла падобнага апытання, праведзенага ў нашай краіне. Таму мы не можам параўнаць гатовасць з'ехаць ці ваяваць палякаў і беларусаў, як гэта зрабіў дэпутат Бузін.