«Адзін з іх спытаў, ці паляк я, другі запатрабаваў паказаць пасведчанне асобы, а калі я адмовіўся, першы падышоў да мяне з вялікім балонам пярцовага газу і пачаў распыляць яго», — так жыхар польскага гораду Прушкаў апісаў журналістам сустрэчу з людзьмі ў балаклавах і з бейсбольнымі бітамі. Увечары 7 лютага 2026 года ён выйшаў на вуліцу, пачуўшы крыкі і гук бітага шкла. Мужчыну ўдалося ўцячы ад нападнікаў. Менш пашанцавала двум украінкам — іх збілі. Адна з жанчын звярнулася ў паліцыю. На працягу наступных двух дзён праваахоўнікі затрымалі чатырох грамадзян Польшчы: трох мужчын 50, 35 і 23 гадоў і 45-гадовую жанчыну.
У Польшчы расце колькасць злачынстваў, звязаных з нянавісцю да замежнікаў. Са студзеня па ліпень 2025 года мясцовая паліцыя зарэгістравала 543 правапарушэнні, матываваныя прадузятасцю, — на 159 больш, чым за той жа перыяд годам раней. Рост — 41%. Асабліва прыкметна павялічылася колькасць нападаў на грамадзян Украіны: як паведаміў партал Onet са спасылкай на паліцэйскую статыстыку, за апошнія два гады колькасць пагроз на іх адрас вырасла больш чым удвая, выпадкаў абразаў украінцаў — на 70%, а атак, звязаных з нацыянальнасцю, — на 66%.
Рост антымігранцкіх настрояў
Апытанні грамадскай думкі ў Польшчы паказваюць, што за апошнія гады стаўленне да мігрантаў з Украіны і Беларусі пагоршылася. Калі на пачатку поўнамаштабнай вайны прыём украінскіх бежанцаў падтрымлівала пераважная большасць палякаў, то пазней гэтая падтрымка скарацілася ўдвая. Паводле дадзеных Польскага цэнтру даследавання грамадскай думкі CBOS (Centrum Badania Opinii Społecznej), у сакавіку 2022 года прыём украінцаў ухвалялі 94% рэспандэнтаў. Увосень 2025 года гэты паказнік знізіўся да рэкордна нізкіх 48%. Пагоршылася і агульнае стаўленне да ўкраінцаў. У 2023 годзе сімпатыю да іх адчувалі 51% палякаў, а непрыязнасць — 17%. Праз тры гады карціна стала амаль супрацьлеглай: у 2026 годзе станоўча да ўкраінцаў ставяцца 29% палякаў, а адмоўна — 43%.
Беларусы — другая па колькасці пасля ўкраінцаў група замежнікаў у Польшчы. Па розных прычынах, перш за ўсё эканамічных, а таксама ратуючыся ад рэпрэсій пасля масавых пратэстаў 2020 года, сюды пераехалі больш за сто тысяч беларусаў (падрабязней пра прычыны мы расказвалі ў матэрыяле «Міф пра масавую палітэміграцыю»). У 2021 годзе CBOS фіксаваў рэкордна цёплае стаўленне да іх: 47% рэспандэнтаў казалі пра сімпатыю да беларусаў, пра непрыязнасць — 17%. У 2026 годзе сітуацыя змянілася: пазітыўна да беларусаў ставяцца ўжо 19%, негатыўна — 46%.
«Паліва для выбараў»
Адкрыта варожае стаўленне да замежнікаў легітымізуюць польскія палітыкі, перадусім правыя і крайне правыя. Антымігранцкая рыторыка заняла прыкметнае месца ў выбарчых кампаніях. Яе выкарыстоўваў пераможца прэзідэнцкіх выбараў летам 2025 года Караль Наўроцкі. Ён, напрыклад, заяўляў, што «ўкраінцам не павінна жыцца ў Польшчы лепш, чым палякам», і распавядаў пра «сігналы, што грамадзяне, якія прыехалі сюды з Украіны, ствараюць праблемы ў чэргах у больніцы і клінікі».
У тым жа ключы выказваўся і Славомір Мэнцэн, кандыдат ад партыі «Канфедэрацыя Свабода і Незалежнасць» (Konfederacja Wolność i Niepodległość), які заняў трэцяе месца на выбарах прэзідэнта. Сярод іншага ён крытыкаваў урад, які, паводле яго слоў, дазволіў украінцам «арганізаваць сабе медычны турызм за нашыя грошы». На мітынгах, арганізаваных яго партыяй, сярод іншых скандавалі расісцкія лозунгі. Асноўны заклік на іх быў «Стоп іміграцыя!».
Найбольш радыкальна ў адносінах да мігрантаў выказваецца еўрадэпутат і лідар партыі «Канфедэрацыя Кароны Польскай» (Konfederacja Korony Polskiej) Гжэгож Браўн, які заняў чацвёртае месца. Падчас кампаніі 2025 года ён заяўляў (цытата паводле Gazeta Prawna):
«Ніякіх танкаў для Украіны, ніякага “800+” (дзяржаўная праграма, якая прадугледжвае штомесячную выплату 800 злотых на кожнае дзіця — рэд.) для ўкраінцаў і ніякага датавання ўкраінскіх пенсіянераў».
Экспертка па міграцыі Алена Бабакова ў каментары для БРЦ адзначае, што міграцыйная тэма стала «палівам для выбараў», а негатыўныя наратывы звычайна будуюцца вакол паўтаральных сюжэтаў — мігрантаў прадстаўляюць як пагрозу бяспецы, абузу для бюджэту або крыніцу дэмпінгу на рынку працы.
«Прасцей растлумачыць адсутнасць рэформаў у сістэме ZUS або NFZ (Упраўленне сацыяльнага страхавання Польшчы і Нацыянальны фонд аховы здароўя — рэд.) міграцыяй, чым структурнымі праблемамі і недапрацоўкамі палітычнага класа», — тлумачыць Бабакова.